Рэалізацыя алкаголю вырасла больш чым на 3%
Праз рознічную гандлёвую сетку за шэсць месяцаў бягучага года, паводле дадзеных Белстата, рэалізавана алкагольных напояў і піва на 1,8 млрд рублёў (8,6% рознічнага тавараабароту гандлю). Усяго ў абсалютным алкаголі прададзена 3 млн 598,2 тыс. дал алкагольных напояў і піва (рост склаў 3,2%).
Продаж гарэлкі ў натуральным выражэнні ў першым паўгоддзі 2019 года павялічыўся на 1,1% — прададзена 4 млн 216,2 тыс. дал гарэлкі, яе доля ў агульным аб`ёме продажу алкаголю склала 46,9% (у першай палове 2018 года — 47,9%).
Піва прададзена 19 млн 37,4 тыс. дал, што на 4,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года. Доля гэтага напою ў агульным аб`ёме продажу алкаголю склала 21,2% (у першым паўгоддзі 2018-га — 20,9%).
Лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў рэалізавана 731 тыс. дал (на 19% больш), вінаградных він — 1 млн 876,5 тыс. дал (на 2,8% больш), пладовых він — 2 млн 346,3 тыс. дал (на 2,7% менш). Пладовыя віны занялі 11,7% у аб`ёме продажу алкагольнай прадукцыі (12,4%).
Каньякоў, каньячных вырабаў і брэндзі прададзена 31,1 тыс. дал (на 19,8% больш), пеністых він, уключаючы шампанскае, — 753,3 тыс. дал (на 4,6% больш), слабаалкагольных напояў — 643,7 тыс. дал (на 24,2% больш).
belapan.by