Рэальны памер пенсій у Беларусі зніжаецца пяты месяц запар



Рэальны памер пенсій (з улікам росту цэн) у траўні 2021 года знізіўся ў параўнанні з красавіком на 0,4%, сведчаць дадзеныя Белстата. У параўнанні з маем мінулага года рэальны памер пенсій вырас на 2%.

У снежні 2020 года ў параўнанні з папярэднім месяцам рэальны памер пенсій павялічыўся на 4,1%, у студзені 2021 года — паменшыўся на 1,1%, лютым — на 1,9%, сакавіку — на 0,7%, красавіку — таксама на 0,7%.

На ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў маі 2021 года было 2 млн 454,5 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 483,4 рубля, што ў 2,3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва. Суадносіны да сярэдняй зарплаты склалі 34%.

Як заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка 19 мая на сумесным пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, задача гэтага года — падтрыманне рэальнага росту пенсійных выплат і давядзенне ўзроўню сярэдняй пенсіі па ўзросце да 40% сярэдняй заработнай платы работніка. „Кожны чацвёрты жыхар нашай краіны з’яўляецца атрымальнікам пенсійных выплат. Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на названыя мэты перавысілі ў 2020 годзе 13,3 млрд рублёў. Гэта больш за 9% ВУП. Летась праведзеныя два пераразлікі працоўных пенсій. Рост пенсій перакрывае інфляцыю. За 2020 год пенсіі павялічыліся на 9,7%, а ў рэальным выражэнні — практычна на 4%”, — адзначыў Петрышэнка.

На думку чыноўніка, кожны, хто цяпер працуе, павінен абсалютна выразна ўсведамляць асабістую адказнасць за свой дабрабыт у старасці — зону адказнасці дзяржавы і самога работніка.

„Неабходна рэалізаваць праграму развіцця добраахвотных накапляльных пенсій, якая дазваляе кожнаму працоўнаму гарантавана павялічыць сваю будучую пенсію. Цяпер ідзе праца па падрыхтоўцы неабходнага заканадаўства”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

На VI Усебеларускім народным сходзе ў лютым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў „паэтапна ўкараняць элементы назапашвальнай пенсійнай сістэмы”, пры гэтым яму „бачыцца правільным захаваць статус дзяржавы як апоры гарантаванай пенсійнай падтрымкі”.

„Дзяржава выконвае свае абавязацельствы па пенсійным забеспячэнні, дастасоўваючыся да новых рэалій. З 2018 года рост пенсій апярэджвае інфляцыю. Але трэба прызнаць, што цяпер узровень пенсій не так высокі, як хацелася б, таму я прапаноўваю працягнуць удасканаленне пенсійнай сістэмы”, — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, прапаноўваецца падрыхтаваць праграму „3+3”, яе сутнасць у тым, што работнік зможа пералічыць на свой асабісты пенсійны рахунак да 3% зарплаты, столькі ж дадасць працадаўца.

belapan.by