Рэальны памер пенсій у Беларусі зніжаецца шосты месяц запар



Рэальны памер пенсій (з улікам росту цэн) у чэрвені 2021 года знізіўся ў параўнанні з маем на 0,7%, сведчаць дадзеныя Белстата. У параўнанні з чэрвенем мінулага года рэальны памер пенсій вырас на 1,5%.

У снежні 2020 года ў параўнанні з папярэднім месяцам рэальны памер пенсій павялічыўся на 4,1%, у студзені 2021 года — паменшыўся на 1,1%, лютым — на 1,9%, сакавіку — на 0,7%, красавіку — таксама на 0,7%, траўні — на 0,4%.

На ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў чэрвені 2021 года было 2 млн 454,5 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 483,4 рубля, што ў 2,3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва. Суадносіны да сярэдняй зарплаты склалі 33,7%.

Як заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка 19 траўня на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, задача бягучага года — падтрыманне рэальнага росту пенсійных выплат і давядзенне ўзроўню сярэдняй пенсіі па ўзросце да 40% сярэдняй заработнай платы. „Кожны чацвёрты жыхар нашай краіны з’яўляецца атрымальнікам пенсійных выплат. Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на названыя мэты перавысілі ў 2020 годзе 13,3 млрд рублёў. Гэта больш за 9% ВУП. Летась праведзеныя два пераразлікі працоўных пенсій. Рост пенсій перакрывае інфляцыю. За 2020 год пенсіі павялічыліся на 9,7%, а ў рэальным выражэнні — практычна на 4%”, — адзначыў Петрышэнка.

На думку чыноўніка, кожны, хто цяпер працуе, павінен усведамляць асабістую адказнасць за свой дабрабыт у старасці — зону адказнасці дзяржавы і самога работніка.

„Трэба будзе рэалізаваць праграму развіцця добраахвотных назапашвальных пенсій, якая дазваляе кожнаму работніку гарантавана павялічыць сваю будучую пенсію. Цяпер ідзе праца па падрыхтоўцы неабходнага заканадаўства”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

belapan.by