Рэальны памер пенсій зніжаецца ў Беларусі пяты месяц запар



У красавіку 2018 года ў дачыненні да папярэдняга месяца рэальны памер пенсій знізіўся на 0,3%, за год — вырас на 0,7%, сведчаць дадзеныя Белстата.

Зніжэнне рэальнага памеру пенсій назіраецца пяты месяц запар (у снежні 2017-га — на 0,3%, студзені — на 0,8%, лютым — на 0,7%, сакавіку — на 0,8%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 4,3%.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў красавіку 2018 года ў параўнанні з сакавіком не змяніўся і складаў 323,2 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў красавіку 2018 года на ўліку стаяла 2 млн 592,3 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 314,8 рубля (на тым жа ўзроўні, што і ў сакавіку), што ў 2,1 разу перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.

Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 291,3 рубля (не змяніўся), у сувязі са стратай карміцеля — 221,1 (не змяніўся), сацыяльных пенсій — 184,9 (не змяніўся).

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка падпісаў указ № 142 „Аб павышэнні пенсій”. Дакументам прадугледжаны „пераразлік працоўных пенсій з 1 мая 2018 года ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы шляхам карэкціроўкі фактычнага заробку пенсіянераў зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій”. У выніку пераразліку пенсіі павялічыліся ў сярэднім на 5,4%.

belapan.by