Рэчыцкія прадпрымальнікі запланавалі мітынг пратэсту
Рэчыцкія прадпрымальнікі запланавалі мітынг пратэсту супраць прэзідэнцкага Указа № 222. Калектыўную заяўку на акцыю, якая мае адбыцца 9 сакавіка, падалі больш за 50 бізнесоўцаў. У якасці месца правядзення мітынгу заяўленая пляцоўка каля райвыканкама. Прадпрымальніцкі лідар Алег Шабетнік звяртае ўвагу на немагчымасць выканання Указа №222.
– У нас дзейнічае 222-гі Указ, у якім напісана, што з 1 сакавіка мы ўсе абавязаны мець суправаджальныя дакументы і мець сэртыфікаты. А таксама нам забаронена прадаваць тыя рэшкі тавару, якія ў нас засталіся, якія былі закупленыя раней. Атрымаць патрэбную дакументацыю ў Маскве немагчыма. Масква перанесла дзеянне мытнага тэхрэгламенту да 2017 года, і фактычна ім не патрэбныя сэртыфікаты, якія патрабуюць ад нас.
Большасць прадпрымальнікаў Рэчыцы з рынкаў „Цэнтральны” і „Славянскі” цягам прамінулага тыдня не працавалі ў знак пратэсту супраць уступлення ў сілу Указа №222, які абавязвае гандляроў мець сэртыфікаты на прадукцыю лёгкай прамысловасці.
Беларускае Радыё Рацыя