Рэфінансаванне плацяжоў: палёгка ці пастка?
“Расея усё больш зацягвае Беларусь у даўгавую багну”, – кажа эканаміст Барыс Жаліба.
Як заявіў журналістам прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, Расея рэфінансуе плацяжы Беларусі па дзяржаўным доўгу на 2015 год.
„У нас ёсць дамоўленасць з расейскімі партнёрамі, каб поўнасцю рэфінансаваць нашы плацяжы, якія мы ажыццяўляем у гэтым годзе ў Расейскую Федэрацыю як па міждзярждаўгах, так і па Антыкрызісным фондзе ЕўрАзЭС”, – адзначыў Кабякоў.
Барыс Жаліба: Мне да гэтага часу не зразумела, пра што ідзе размова: пра рэфінансаванне ці рэструктуралізацыю? Рэфінансаванне – гэта магчымасць атрымаць новыя пазыкі, каб разлічыцца са старымі. А рэструктуралізацыя – гэта магчымаць адсунуць тэрміны пагашэння даўгоў. У сённяшняй сітуацыі размова павінна ісці хутчэй пра другую пазіцыю. Беларусь павінна і Расеі, і Антыкрызіснаму фонду, але ж Масква нам крэдыт пакуль ніякі не давала. І, калі казаць пра рэфінансаванне, то тады Расея павінна даць новы крэдыт, Але ж пакуль нічога на гарызонце не бачна, акрамя таго, што ёсць нейкія словы і заявы на гэты конт.
РР: Рэфінансаванне плацяжоў – гэта палёгка ці пастка?
Барыс Жаліба: Натуральна, што пастка. Мы ідзём па шляху пабудовы фінансавай піраміды, сутнасць якой – узяць новыя даўгі, каб разлічыцца са старымі. Па гэтай жа схеме працавала і сумна вядомая фірма Маўродзі. Выпускалі свае акцыі, гасілі іх пад добры працэнт, а ў канцы піраміды аддавалі працэнты ўжо тымі грашыма, якія атрымлівалі ад продажы новых акцый. Калі не атрымалі грошы ад новых акцый – не аддалі старыя пазыкі. Вось такая фінансавая піраміда ўжо даўно існуе і ў Беларусі. Мы кожны год не можам аддаць старыя даўгі, не набраўшы новых крэдытаў. І без рэфінансавання беларуская эканоміка ўжо існаваць не можа. Зрэшты, піраміда расце, але ёсць законы эканомікі, па якіх любая такая пабудова рана ці позна рассыплецца.
РР: Што, на ваш погляд, запатрабуце Расея ўзамен на рэфінансаванне плацяжоў?
Барыс Жаліба: Яе патрабаванні вядомы даўно. Прыватызацыя, стварэнне холдзінгаў… Альбо пытанні ваенна-палітычнага кшталту. Масква павялічвае сваю ваенную прысутнасць у Беларусі, мяркую, што гэтая тэндэнцыя працягнецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота freedomway.ru