Рэформы ці імітацыя?
Структурныя рэформы прадугледжваюць змяненне стратэгіі, але гэта немагчыма ва ўмовах ручнога кіравання эканомікай. Такое меркаванне выказаў памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды, выступаючы на міжнароднай канферэнцыі ў Менску «Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця».
Эканаміст Леў Марголін дадае, што дэталёвага плану рэформаў беларускай эканомікі пакуль улады не дэманстравалі, а на галоўныя рэформы яны наўрад ці здольныя:
– Не будзе прыватызацыі і лібералізацыі малога і сярэдняга бізнесу, не будзе палітычных рэформ, якія вымагаюць права прыцягнення замежных інвестыцый. Не будзе і незалежнай заканадаўчай улады. Няма і не будзе праваахоўнай сістэмы, якая будзе эфектыўна бараніць інвестыцыі. Няма ў нас мясцовага самакіравання. І вось без гэтых трох асноўных чыннікаў усё тое, што беларускімі ўладамі называецца рэформамі – гэта не больш чым імітацыя.
Да таго ж не спрыяе рэформам і татальны кантроль уладаў за беларускай эканомікай, – дадае Леў Марголін. Гэта падцвярджае заява Аляксандра Лукашэнкі, што ў выпадку рэформаў ён не дазволіць аптымізаваць персанал на прадпрыемствах, а таксама прыгразіў крымінальнай адказнасцю тым кіраўнікам, якія будуць звальняць людзей.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org