Рэгуляваныя ўладамі цэны растуць хутчэй
Рэгуляваныя ўладамі цэны летась раслі амаль у 2 разы хутчэй за тыя, што ўтвараюцца свабодна. Згодна са статыстыкай, якую прыводзіць Нацыянальны банк, прырост адміністрацыйна рэгулюемых цэн і тарыфаў у Беларусі за год склаў больш за 8%.
Эканаміст Леў Марголін лічыць, што кошты маглі б быць меншымі, калі б улады не ўмешваліся ў нармальныя рынкавыя адносіны.
– Гэта звычайная практыка. Як толькі дзяржава бярэцца рэгуляваць цэны, яны адразу пачынаюць расці. Рынак – самы лепшы рэгуліроўшчык. Ён дае магчымасць цэнам быць не высокімі і не нізкімі, а як раз такімі, якімі яны павінны быць. А дзяржава… тут у каго мацнейшае горла, мацнейшы голас, той сабе вытарговае падвышэнне. Таму гэта звычайная з’ява.
На адмене дзяржаўнага рэгулявання цэн ужо даўно настойваюць Міжнародны валютны фонд і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, прад’яўляючы такое патрабаванне ў якасці ўмовы прадастаўлення крэдытаў Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя