Рэспубліканскі бюджэт з рэкордным дэфіцытам



Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў 2024 годзе ацэньваецца ў суму да 5 млрд. рублёў. Крыніцы яго фінансавання вызначаны, заявіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, піша reform.by.

“Ацэнка дэфіцыту бюджэту на рэспубліканскім узроўні плануецца дзесьці каля 1,9% ВУП, гэта значыць крыху менш за 5 млрд рублёў. Крыніцы [пакрыцця дэфіцыту] – рэшткі, плюс тыя запазычанні, якія мы робім і працуем з нашымі калегамі з Расейскай Федэрацыі па інтэграцыйных праектах, прыцягваем гэтыя рэсурсы…”, сказаў чыноўнік.

На пасяджэнні Савета міністраў 29 жніўня разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год, а таксама асноўныя параметры грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту. Стала вядома, што ўрад у наступным годзе плануе рост ВУП у 3,8 працэнта.

Падатковая збірае звесткі аб плацяжах беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах

Міністэрства падаткаў і збораў разаслала ў банкі патрабаванне даць інфармацыю аб плацяжах беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах. Пэўна, гэта робіцца для таго, каб абкласці такія пакупкі ПДВ, піша Infobank.

З 1 ліпеня 2022 года ў Беларусі ўвялі падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ) для замежных кампаній, якія займаюцца электронным продажам тавараў. Стаўка падатку можа складаць 10 або 20% у залежнасці ад катэгорыі тавару.

Асаблівасць ПДВ у тым, што яго звычайна плацяць юрыдычныя асобы або ІП, у тым ліку яго памер уваходзіць у цану тавару. Аднак Міністэрства падаткаў і збораў не можа абавязаць замежныя арганізацыі плаціць гэты падатак, бо яны знаходзяцца ў іншай юрысдыкцыі. Таму ёсць імавернасць, што за адмову ад увядзення такога падатку гэтыя сайты могуць блакаваць. А падатак фактычна перакладуць на плечы беларусаў, якія тыя тавары куплялі.

У Гародні плануюць пабудаваць індустрыяльны парк

Пад яго вылучылі пляцоўку Свабоднай эканамічнай зоны (СЭЗ) “Гроднаінвест” у раёне Аўльса. Зараз адбываецца пошук забудоўшчыка. Яму гатовыя заплаціць больш за 62 млн рублёў, а гэта больш за 18 мільёнаў еўра. Сродкі на 60% паходзяць з бюджэту, на 40% – з фонду развіцця свабоднай эканамічнай зоны. На будаўніцтва адводзіцца два гады, піша hrodna.life.

Праект індустрыяльнага парка ўключае ў сябе бізнес-цэнтр плошчай да 3000 кв.м., выставачныя павільёны і вытворчыя будынкі пад розныя задачы інвестара. Парк павінен заняць тэрыторыю плошчай 13 га.

Індустрыяльны парк “Гродна” – гэта будзе комплекс будынкаў для хуткага размяшчэння ўніверсальных вытворчасцяў і офісаў. Падобную пляцоўку будуць будаваць у Гарадзенскай вобласці ўпершыню.

Праблемы банка Raiffeisen у Чэхіі

У Чэхіі пачалося расследаванне адносна дзейнасці Raiffeisen Bank International. Нацыянальны цэнтр барацьбы з тэрарызмам высвятляе, як працуе банкаўская група, якая і цяпер працягвае дзейнасць у Расеі і Беларусі.

Сыходу Raiffeisen з Расеі спрабуе дамагчыся Цэнтрабанк Еўразвязу. Дзейнасць банкаўскай групы вывучае і Міністэрства фінансаў ЗША. Украіна ўжо дабавіла банк у спіс “спонсараў вайны”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: freepik.com