Рэверсныя пастаўкі нафты ў Беларусь па „Дружбе” немагчымыя
Рэверсныя пастаўкі нафты ў Беларусь па нафтаправодзе «Дружба» немагчымыя, заявіў прэзідэнт расейскай кампаніі «Транснефць» Мікалай Токараў на прэс-канферэнцыі ў Маскве 5 лютага.
«Нават тэарэтычна гэта зрабіць нельга, таму што занадта шмат бакоў уцягнутыя ў гэты тэхналагічны працэс. Тут і палякі, тут і мы, тут і беларусы. І грузаадпраўшчыкі. На наш погляд, гэта было б няправільна, мякка скажу», – цытуе Токарава прэс-служба «Транснефці». Акрамя таго, паводле яго слоў, працэс спалучаны з тэхналагічнымі цяжкасцямі, у прыватнасці, з неабходнасцю ўстаноўкі іншых помпаў.
Токараў таксама паведаміў, што дзве расейскія кампаніі папярэдне заявілі аб’ёмы нафты для пастаўкі на беларускія НПЗ у лютым, аднак не факт, што гэтыя заяўкі будуць выкананыя. «Заяўкі на люты толькі ад «Сафмара» і «Татнефці» (80 тыс. тон), але гэта пакуль папярэдняя заяўка. Не факт, што гэтыя 80 тыс. тон «Татнефць» туды паставіць», – сказаў прэзідэнт «Транснефці».
Ён зазначыў, што планаваны «Сафмарам» абʼём паставак на люты складае 250 тыс. тон.
«Я думаю, найбліжэйшым часам нейкая яснасць будзе. Хаця сітуацыя нас гняце, шчыра кажучы, таму што яна стварае праблемы і нам, і Беларусі», – заявіў Токараў.
З 1 студзеня Расея не пастаўляе ў Беларусь нафту з-за адсутнасці кантрактаў. Выключэнне складае кампанія «Сафмар» блізкага да Аляксандра Лукашэнкі расейскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева.
Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць пераводу часткі нафтаправода «Дружба» ў рэверсны рэжым у выпадку адсутнасці паставак нафты з Расеі.
Фота ТАСС