РФ будзе сачыць за прадукцыяй з Беларусі да месца рэалізацыі
Рассельгаснагляд будзе адсочваць беларускую прадукцыю ад пункта перасячэння мяжы Расейскай Федэрацыі да месца рэалізацыі. Такая мера ўводзіцца „па просьбе беларускага боку”, паведаміла 9 лютага прэс-служба расейскага ведамства.
Рассельгаснагляд зноў выказвае „глыбокую заклапочанасць, звязаную з павелічэннем спробаў увозу ў Расею з тэрыторыі Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі невядомага паходжання, а таксама выпадкаў выяўлення неадпаведнасці беларускіх прадуктаў патрабаванням заканадаўства па якасці і бяспецы”.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што раней беларускі бок „неаднаразова казаў пра тое, што, на яго думку, уся гэтая прадукцыя з’яўляецца фальсіфікаванай і выраблена на тэрыторыі Расеі”.
Як лічаць у расейскім ведамстве, мера па адсочванні беларускай прадукцыі дазволіць пазбегнуць прэтэнзій беларускага боку, бо ўвесь шлях будзе прасочвацца ў інфармацыйных сістэмах „Аргус” і „Меркурый”.
Рассельгаснагляд таксама лічыць неабходным унясенне ў ветэрынарныя сертыфікаты інфармацыі аб нумары і даце афармлення сертыфіката, у суправаджэнні якога гэтыя партыі паступілі ў адрас расейскіх гаспадарчых суб’ектаў.
Указаная мера таксама дасць магчымасць выключыць наяўнасць спрэчных пытанняў, звязаных з пацвярджэннем паходжання прадукцыі, якія ўзнікаюць пры адборы пробаў, гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, напярэдадні Рассельгаснагляд паведаміў, што ў студзені 2017 года спынены спробы ўвозу больш за 40 партый малочнай і мясной прадукцыі беларускага паходжання, якая не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў і ветэрынарных правілаў ЕАЭС. Прадукцыя перавозілася ў нездавальняючым санітарным стане, а таксама ў суправаджэнні не цалкам або няправільна запоўненых ветэрынарна-суправаджальных дакументаў.
„Вышэйпералічанае сведчыць аб сістэмных недапрацоўках структурных падраздзяленняў абласных ветэрынарных службаў Рэспублікі Беларусь, а таксама аб практыцы адгрузак у Расею прадукцыі без ажыццяўлення фізічнага кантролю ветэрынарным урачом, так званага „сляпога кантролю”, калі ветэрынарныя дакументы афармляюцца толькі на падставе прадстаўленых транспартных накладных або пасведчанняў якасцяў, без агляду прадукцыі”, — лічаць у Рассельгаснаглядзе.
Рассельгаснагляд таксама спрабуе высветліць прычыны рэзкага павелічэння паставак плодаагародніннай прадукцыі з Беларусі. 7 лютага па ініцыятыве расейскага боку адбыліся перамовы ў фармаце тэлеканферэнцыі паміж намеснікам кіраўніка Рассельгаснагляду Юліяй Швабаўскене і дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі Аляксандрам Піскуном. Швабаўскене выказала занепакоенасць павелічэннем паставак расліннай прадукцыі беларускага паходжання на тэрыторыю Расеі ў 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м: морквы — у 2,6 разу, яблыкаў — у 1,5 разу, пекінскай капусты — у 3,3 разу, грыбоў — у 1,4 разу, рэпчатай цыбулі — у 32 разы, бульбы — у 2,2 разу.
У адказ Піскун прывёў статыстычныя дадзеныя аб аб’ёмах вытворчасці, плошчах вырошчвання, ураджайнасці вышэйуказанай прадукцыі, а таксама выказаў гатоўнасць прыняць у лютым 2017 года спецыялістаў Рассельгаснагляду з мэтай правядзення сумесных абследаванняў месцаў захоўвання і вытворчасці расліннай прадукцыі беларускага паходжання.
3 лютага Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускаму МУС разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі.
У адказ на гэта Данкверт рэкамендаваў навесці парадак на беларускіх прадпрыемствах, а з 6 лютага Расея абмежавала пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці.
7 лютага МУС Беларусі паведаміў пра пачатак даследчых праверак у дачыненні да шэрагу службовых асобаў Рассельгаснагляду. „Міністэрства ўнутраных спраў мае дадзеныя аб тым, што асобныя службовыя асобы Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) у інтарэсах, не звязаных з іх прафесійнай дзейнасцю, без наяўнасці дастатковых падстаў і з парушэннем нормаў міжнароднага права абмяжоўвалі магчымасць рэалізацыі беларускай прадукцыі на тэрыторыі Расеі, а таксама ажыццяўлялі распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе айчынных вытворцаў”, — гаварылася ў паведамленні МУС.