„Роснефть” прадае венесуэльскія актывы



Нафтавая кампанія „Роснефть” абвесціла пра спыненне дзейнасці ў Венесуэле і продаж актываў, звязаных з дзейнасцю ў гэтай краіне. На афіцыйным сайце кампаніі гаворыцца:

 «Роснефть» заключыла пагадненне з кампаніяй, якая на 100% належыць Ураду Расейскай Федэрацыі, аб продажы доляў і спыненні свайго ўдзелу ва ўсіх праектах у Венесуэле, уключна з долямі ў здабывальных прадпрыемствах Petromonagas, Petroperija, Boqueron, Petromiranda і Petrovictoria, у нафтасервісных прадпрыемствах і гандлёвых аперацыях”.

Па выніках заключанага пагаднення ўсе актывы і гандлёвыя аперацыі ПАТ «НК «Роснефть» у Венесуэле і /ці звязаныя з Венесуэлай будуць праданыя, зачынены альбо ліквідаваныя.

Такое рашэнне, праўдападобна, наўпрост звязанае з тым, што ЗША афіцыйна звінавацілі кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуру ў міжнародным наркагандлі і абвесцілі за дапамогу ў яго арышце ўзнагароду 15 мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя