Рост беспрацоўя чакае Берасцейшчыну падчас пандэмі



Рост беспрацоўя можа чакаць Берасцейшчыну падчас пандэміі і па яе завяршэнні. Гэта звязана са складанымі ўмовамі для працы малога і сярэдняга бізнесу, а таксама з вялікай колькасцю працаўнікоў, што вярнуліся з-за мяжы.

Паведамляе наш карэспандэнт Аліса Поль:

– На адным з прадпрыемстваў, што выпускае кандытарскую прадукцыю, узніклі цяжкасці з экспартам у краіну-суседку. Прычына таму – жорсткі кантроль на мяжы. Яшчэ адзін бізнес са свабоднай эканамічнай зоны меў цесныя стасункі з італьянскімі партнёрамі, у прыватнасці быў наладжаны выраб камплектуючых для гандлёвага халадзільнага абсталявання. Але зараз няма запасу сыравіны.

Шматлікія вытворчасці проста спыніліся, некаторыя перайшлі на скарочаны працоўны дзень ці зышлі ў вымушаны адпачынак з захаваннем 2/3 заробку. У той жа час звяртаецца ўвага, што рэсурсы ў вытворчасці не бязмежныя, таму ў такім рэжыме яны змогуць пратрымацца абмежаваны час.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце