Рост эканомікі працягвае запавольвацца



Сітуацыя з экспартам па выніках студзеня–жніўня 2019 года няпростая і не можа задавальняць, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 15 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, дзе разглядаліся пытанні нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту.

«Экспарт не дасягнуў узроўню аналагічнага перыяду мінулага года, тэмп росту экспарту тавараў – 96,9%. Шмат пытанняў да міністраў, губернатараў, сурʼёзна недапрацоўвае Міністэрства замежных спраў і кіраўнікі замежных устаноў», – цытуе Румаса прэс-служба ўрада.

Калі ачысціць экспарт тавараў ад нафтавай групы, то тэмп росту складае 100,9%, аднак, на думку прэмʼер-міністра, гэта не павінна служыць ні для каго заспакаеннем.

Як адзначыў Румас, атрыманыя папярэднія вынікі працы эканомікі за дзевяць месяцаў – рост працягвае запавольвацца (папярэдне 101% па выніках студзеня–верасня). «І гэта нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і запэўніванні кіраўнікоў міністэрстваў пра тое, што зацверджаныя планы будуць выкананы. Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы», – падкрэсліў кіраўнік урада.

Ён даручыў першаму віцэ-прэмʼеру Аляксандру Турчыну падрыхтаваць пасяджэнне Саўміна па выніках працы эканомікі за дзевяць месяцаў, дзе прааналізуюць усе абяцанні, дадзеныя кіраўнікамі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў на пасяджэннях ва ўрадзе, з ацэнкай дзеянняў гэтых кіраўнікоў. Абмеркаванне запланавана ў першай дэкадзе лістапада.

Не ўдаецца размеркаваць пароўну экспартныя пастаўкі паміж ЕАЭЗ, ЕЗ і іншымі краінамі. Павялічылася доля ЕАЭЗ, прасела доля Еўрапейскага звязу. Тут вялікі ўплыў аказала нафта, асабліва ў частцы еўрапейскага рынку, аднак гэта не адзіная прычына, адзначыў Румас.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў вырашэнні задачы краінавай дыверсіфікацыі экспарту найважнейшая роля адводзіцца замежным установам. Аднак з 57 у 37 замежных установах не выконваюцца даведзеныя заданні па экспарце тавараў, у 15 – другі год запар. «Па большасці з гэтых замежных устаноў няма аргументаваных тлумачэнняў, як і мер рэагавання з боку МЗС», – дадаў Румас.

Варта адзначыць, што афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2019 год прадугледжвае рост ВУП на 4% і пакуль не пераглядаўся. На вераснёўскай нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада выканаць афіцыйны прагноз на гэты год.

«Не будуць выкананы параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя – ад прэмʼер-міністра – пойдзеце на спачын. Я вас папярэджваў у мінулым годзе ў гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма», – сказаў Лукашэнка.

Распараджэннем прэзідэнта ад 20 мая персанальная адказнасць «за забеспячэнне эканамічнага росту краіны пераважна за кошт знешняга попыту» ўскладзеная на прэмʼер-міністра.

У студзені–жніўні 2019 года Беларусь скараціла знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг да 54 млрд 124,2 млн долараў. Гэта на 1,3% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.

Экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 1,7% і склаў 27 млрд 323 млн даляраў ЗША, імпарт – на 0,9% да 26 млрд 801,2 млн даляраў.

БелаПАН