Рост ПДВ накіруе беларусаў па дарагія пакупкі ў Расею
Падатак на дададзеную вартасць плануюць падняць з 20 да 22 адсоткаў са студзеня 2015 года. На думку эканаміста Сяргея Балыкіна, рост ПДВ на 2% амаль не паўплывае на гандаль прадуктамі, адзеннем ды абуткам, а вось за нечым больш дарагім беларусы паедуць у Расею. Адсутнасць мяжы, невялікая адлегласць да мяжы і ніжэйшы ПДВ робяць расейскі рынак больш прывабным для нашых суайчыннікаў.
– Калі чалавек плануе нейкую буйную пакупку, напрыклад, той жа аўтамабіль, то ён хутчэй набудзе новы аўтамабіль у Расеі, чым у Беларусі. Прыгнаць аўтамабіль з Расеі, калі ён там будзе дзешавейшы на 2-3 тысячы даляраў, а то і больш, гэта ўжо вартая гульня.
Што тычыцца ўплыву росту ПДВ на дзейнасць прадпрымальнікаў, то як лічыць сябар Рады РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук, ІП будуць вымушаныя скарыстоўваць не зусім легальныя схемы.
– Заўсёды было так і ў іншых краінах, якія трымаюцца рынкавых адносін, ужо даўно ёсць формула: калі падаткі вырастаюць – прадпрымальнікі шукаюць, як карыстацца “шэрымі” схемамі.
У выніку, кажа Сяргей Балыкін, беларусы зноў пачуюць скаргі кіраўніцтва краіны на непатрыятычных грамадзян, якія аддаюць валюту ў крамы іншай краіны. Але гэта ёсць вынікам менавіта той эканамічнай палітыкі, якую каторае дзесяцігоддзе праводзіць Аляксандр Лукашэнка і ягоны ўрад, падкрэслівае эканаміст.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя