Рост цэн на энерганосьбіты: у Францыі выплацяць па 100 еўра кампенсацыі 38 мільёнам чалавек
Прэм’ер-міністр Францыі анансаваў выплату кампенсацый за рост цэнаў на энерганосьбіты. Грошы атрымаюць каля 38 мільёнаў чалавек, у тым ліку работнікі, фермеры, беспрацоўныя і пенсіянеры, паведамляе korrespondent.net.

Прэм’ер-міністр Францыі Жан Кастэкс заявіў, што ўрад выплаціць па 100 еўра грамадзянам, якія атрымліваюць менш за 2000 еўра на месяц пасля выплаты падаткаў, каб дапамагчы ім справіцца з ростам цэнаў на энергію і паліва.
Паводле яго слоў, грошы атрымаюць каля 38 мільёнаў чалавек – работнікі, фермеры, беспрацоўныя і пенсіянеры.
Плацяжы будуць адпраўляцца аўтаматычна або праз аплатныя чэкі, альбо праз органы сацыяльнага забеспячэння.
Кастэкс адзначыў, што большая частка дапамогі, у тым ліку наёмным работнікам, будзе выплачвацца ў перыяд паміж Калядамі і Новым годам. Ён дадаў, што дзяржслужачыя павінны атрымаць чэкі ў студзені, а пенсіянерам давядзецца пачакаць яшчэ крыху.
