Рознагалоссі па дарожнай карце рэформаў пакуль не знятыя
Сусветны банк і ўрад Беларусі маюць розныя погляды па шэрагу напрамкаў дарожнай карты рэформаў, і гэтыя пытанні патрабуюць дадатковых абмеркаванняў, заявіла рэгіянальны дырэктар банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен 24 верасня ў Менску на сустрэчы з першым намеснікам прэм’ер-міністра Аляксандрам Турчыным. Кахканен адзначыла, што ўчора на сустрэчы з рабочай групай па падрыхтоўцы дарожнай карты ўдалося па сутнасці дамовіцца адносна сферы сацыяльнай абароны.
«Мы прайшліся па ключавых пытаннях і пунктах, па якіх няма ўзгаднення і ёсць некаторыя рознагалоссі. Усё яшчэ ёсць шэраг напрамкаў, па якіх у нас адзначаюцца праблемныя моманты і якія патрабуюць дадатковых абмеркаванняў», – прыводзіць словы прадстаўніка Сусветнага банка прэс-служба ўрада.
Паводле слоў Кахканен, пакуль застаюцца розныя погляды на тарыфы па цеплазабеспячэнні, рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў, субсідыі, дырэктыўнае крэдытаванне.
У сваю чаргу, Аляксандр Турчын заявіў, што ўрад нацэлены на рэальнае выкананне дарожнай карты павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі. «Мы разумеем тыя праблемы, якія ў нас ёсць, і настроеныя на іх вырашэнне, не адкладаючы і пачынаючы гэта з наступнага года і наступнай пяцігодкі. Мы павінны зараз распрацаваць два вялікія праграмныя дакументы – праграма на наступную пяцігодку і нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2035 года. Упэўнены, што вельмі шматлікія рэчы, якія ёсць у нашай дарожнай карце, знойдуць сваё адлюстраванне ў гэтых праграмных дакументах», – сказаў Турчын.
Першы віцэ-прэмʼер прапанаваў абмеркаваць пытанні, якія застаюцца нявырашанымі па дарожнай карце павышэння эфектыўнасці эканомікі. «Урад зацікаўлены ў больш хуткім вырашэнні наяўных праблем, але мы досыць рэальна ацэньваем нашы магчымасці, – сказаў Турчын, каментуючы тэрміны выканання мерапрыемстваў дарожнай карты. – Ва ўрада няма жадання нешта напісаць на паперы, максімальна зрушыць тэрміны ў нявызначанасць, каб потым гэтым не займацца. Калі мы падыдзем да таго, што пункты будуць узгодненыя, мы настроеныя іх выконваць».
Ён звярнуў увагу, што толькі адну меру прапануецца рэалізаваць праз 5-6 гадоў – гэта поўная аплата насельніцтвам паслуг па цеплазабеспячэнні, спатрэбіцца абмеркаванне і ўзгадненне гэтага пытання на самым высокім узроўні. Па астатніх мерапрыемствах такіх працяглых тэрмінаў няма.
Варта зазначыць, што ў 2015 годзе беларускія ўлады ўжо рыхтавалі з Сусветным банкам дарожную карту структурных рэформаў. Дакумент стаў асновай для перамоваў Беларусі з МВФ, якія праходзілі ў 2015–2017 гадах. У сярэдзіне 2017 года МВФ заявіў, што перамовы пастаўленыя на паўзу, паколькі дасягнуць дамоўленасцяў з беларускімі ўладамі па прынцыповых пытаннях, у тым ліку аб рэфармаванні дзяржсектара і тарыфах на паслугі ЖКГ, не ўдалося.
29 чэрвеня 2019 года кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер у афіцыйным блогу СБ заявіў пра тое, што ў Беларусі наспела «пільная патрэба структурных эканамічных рэформаў».
Ён зазначыў, што ў найбліжэйшыя гады эканамічная сітуацыя можа істотна пагоршыцца, калі Беларусь не дамовіцца з Расеяй аб кампенсацыі па «падатковым манеўры». У прыватнасці, прагназуе МВФ, калі краіна не атрымае кампенсацыю ад Расеі за «падатковы манеўр», то Беларусі неабходна будзе знайсці спосаб прыцягнуць 1,5 млрд долараў у 2021 годзе, а ў 2022 годзе гэтая сума павялічыцца да 2 млрд долараў. Дзярждоўг, паводле прагнозаў, вырасце з 55% ВУП да 70% у 2019–2023 гадах.
На думку Крэмера, самай важнай задачай зʼяўляецца рэструктурызацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў, якая прадугледжвае некалькі ключавых момантаў. Па-першае, варта пакінуць прыбытковыя дзяржпрадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасці або прыватызаваць іх празрыстым чынам і па справядлівых рынкавых цэнах. Па-другое, пакінуць пастаўшчыкоў дзяржпаслуг і рэгулятараў дзяржаўнымі, але дакладна вызначыць, што яны павінны даць у абмен на дзяржаўныя сродкі. Па-трэцяе, рэструктурызаваць стратныя дзяржпрадпрыемствы, якія можна было б хутка зрабіць прыбытковымі, забяспечыўшы добрую аддачу ад дадатковых інвестыцый. «Астатнія прадпрыемствы закрыць ці прыватызаваць», – лічыць Крэмер.