Беларусь разлічвае на падтрымку Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый



Беларусь разлічвае на падтрымку Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый (АБІІ) пры рэалізацыі праектаў для паляпшэння транспартнай інфраструктуры, а таксама ў сферы аховы здароўя, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас  на сустрэчы з прэзідэнтам банка Цзінь Ліцюнем у Менску.

„Мы разлічваем на падтрымку банка пры рэалізацыі найперш інфраструктурных праектаў, — цытуе Румаса прэс-служба ўрада. — Ведаю, што ў высокай ступені прапрацоўкі праект аўтадарогі Р46 Лепель — Полацк. У Беларусі надаецца вялікая ўвага развіццю транспартнай інфраструктуры. Нягледзячы на тое, што ў нас даволі нядрэнныя дарогі, краіна мае вельмі вялікі транзітны патэнцыял і з’яўляецца скрыжаваннем многіх вялікіх калідораў, і далейшае паляпшэнне дарожнай сеткі з’яўляецца прыярытэтам для ўрада”.

Румас таксама прапанаваў разгледзець магчымы ўдзел АБІІ у праекце па будаўніцтве чыгуначнага тэрмінала ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень”.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што Беларусь мае досыць вялікі вопыт структуравання падобных праектаў з многімі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і разлічвае на такое супрацоўніцтва з АБІІ. Тым больш што прапанаваныя ўмовы камфортныя для беларускага боку, дадаў прэм’ер-міністр.

Значную цікавасць для Беларусі, паводле яго слоў, уяўляюць праекты ў сферы аховы здароўя. „Мы гатовыя сёння абмяркоўваць магчымасць прыцягнення сродкаў для цэнтра дзіцячай анкалогіі, стварэння цэнтра педыятрыі і дзіцячай хірургіі, будаўніцтва новага блока трансплантацыі касцявога мозгу і ствалавых клетак”, — сказаў Румас.

Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый яшчэ не мае вопыту фінансавання праектаў у сферы аховы здароўя, але, як адзначыў прэм’ер-міністр, Беларусь можа быць першай краінай, дзе быў бы апрабаваны новы для банка інструмент.

Прэм’ер адзначыў, што прэзідэнт АБІІ ўпершыню прыехаў у Беларусь. Паводле яго слоў, дэлегацыя банка складаецца з прафесіяналаў, якія маюць вялікі досвед працы ў міжнародных інстытутах развіцця, і гэта дазваляе на прафесійным узроўні структураваць здзелкі па складаных інфраструктурных праектах.

Румас нагадаў, што ў цяперашні час Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з такімі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, як Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі інвестыцыйны банк. „Ва ўзаемаадносінах з усімі гэтымі партнёрамі мы маем бездакорную крэдытную гісторыю. Упэўнены, паміж Беларуссю і Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый ужо ў хуткім часе ўсталююцца такія ж даверлівыя адносіны, і наша супрацоўніцтва будзе доўгатэрміновым і ўзаемавыгадным”, — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый быў заснаваны ў кастрычніку 2014 года. Сваёй ключавой мэтай ён называе пераадоленне інфраструктурных абмежаванняў эканамічнага развіцця не толькі ў Азіі, але і за яе межамі. Статутны капітал банка складае 100 млрд долараў. На сёння банк налічвае прыблізна 70 паўнапраўных членаў. Беларусь стала членам банка 17 студзеня 2019 года.

БелаПАН