Румас: Беларусь стала адным з лідараў па экспарце софту ва Усходняй Еўропе



Беларусь па экспарце софту на душу насельніцтва стала адным з лідараў краін Усходняй Еўропы і СНД, паведаміў прэм’ер-міністр Сяргей Румас, выступаючы 22 кастрычніка на міжнародным форуме „Адкрытыя інавацыі” ў інавацыйным цэнтры „Сколкава” ў Маскве.

Як адзначае прэс-служба ўрада, Румас нагадаў, што беларускі Парк высокіх тэхналогій атрымаў магутны імпульс да развіцця два гады таму, у канцы 2017 года, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб лічбавай эканоміцы. „Мы вырашылі стварыць спрыяльны рэжым для творчасці і інавацый, ліквідаваць у нашым парку любы бюракратызм, — сказаў прэм’ер-міністр. — Рэзідэнтам парку дазволена весці бізнес і заключаць здзелкі ў Беларусі так, як яны прывыклі гэта рабіць у найлепшых юрысдыкцыя свету. Яго рэзідэнтам далі падатковыя льготы і агарадзілі парк ад умяшання кантрольных і наглядных органаў”.

 

Вынікі дзеяння гэтага дэкрэта не прымусілі сябе доўга чакаць. „І экспарт, і агульная выручка парку растуць на 30-40% за год, — сказаў Румас. — Сёлета экспарт чакаецца ў памеры 2 млрд долараў, што з’яўляецца немаленькай сумай для такой невялікай краіны, як Беларусь. Па экспарце софту на душу насельніцтва Беларусь стала адным з лідараў Усходняй Еўропы і СНД”.

У разы павялічыліся і прыбыткі бюджэту краіны ад дзейнасці Парку высокіх тэхналогій. Паводле слоў Румаса, нават нягледзячы на гэтыя ільготныя падатковыя стаўкі, сярэдні беларускі IT-спецыяліст плаціць у бюджэт у тры разы больш, чым сярэдні заняты ў эканоміцы.

Як мяркуе кіраўнік урада, Беларусь паспяхова спраўляецца з праблемай адтоку кадраў з IT-сферы.

„Наш вопыт сведчыць аб тым, што ўцечка мазгоў, якая раней здавалася катастрофай, сёння не з’яўляецца татальнай праблемай, — адзначыў Румас. — Да нас сталі вяртацца многія з тых, хто паехаў раней. А выпускнікі з IT-спецыяльнасцю практычна цалкам застаюцца ў краіне. Літаральна на мінулым тыдні прэзідэнт Беларусі падтрымаў прапанову ўрада аб стварэнні на базе Парку высокіх тэхналогій IT-універсітэта”.

Разам з тым Румас прызнаў, што ў некаторых іншых сферах, напрыклад у пытанні лічбавізацыі ўсёй краіны, у Беларусі ёсць шэраг нявырашаных праблем і ёсць чаму павучыцца і ў Расеі, і ў свеце. „Таму мы ўсяляк падтрымліваем не толькі абмен вопытам у межах ЕАЭС, СНД, але і сінхранізацыю працэсаў лічбавізацыі ў нашых краінах”, — сказаў прэм’ер-міністр.

У якасці адной з ініцыятыў ён акрэсліў ідэю стварэння спецыяльнага венчурнага фонду ў ЕАЭС. „У нашых краінах нараджаецца маса цікавых стартапаў і кампаній, якія, атрымліваючы фінансаванне ў ЗША і ЕС, затым мяняюць прапіску. Чаму б нам сумесна не інвеставаць у перспектыўныя распрацоўкі адзін аднаго?” — сказаў Румас. Ён дадаў, што да такога фонду маглі б далучыцца і іншыя краіны, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, але маюць цесныя сувязі з саюзам.

belapan.by