Румас: Галоўны клопат новага кіраўніка Мінфіна — знешні доўг



Прэм’ер-міністр Сяргей Румас прадставіў 31 жніўня калектыву Міністэрства фінансаў новага міністра Максіма Ермаловіча, а таксама абазначыў задачы ведамства.

Ермаловіч, які раней займаў пасаду першага намесніка міністра фінансаў, быў прызначаны міністрам рашэннем Аляксандра Лукашэнкі 31 жніўня. На гэтай пасадзе ён змяніў Уладзімір Амарына, які займаў пасаду кіраўніка Мінфіна з лістапада 2014 года.

„Максім Леанідавіч ведае задачы, якія стаяць сёння перад Міністэрствам фінансаў. У першую чаргу гэта праца над ухваленым праектам бюджэту на 2019 год, над дашліфоўкай Падатковага кодэкса. Таксама ёсць шэраг сярэднетэрміновых задач, і задачы гэта няпростыя, такія як знешні доўг. Гэта і пытанні сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы, якія бюджэт у першачарговым парадку павінен выконваць, і цэлы шэраг іншых”, — цытуе Румаса прэс-служба ўрада.

Прэм’ер-міністр таксама падзякаваў за працу Уладзіміру Амарыну. „Ён высакакласны спецыяліст. Прэзідэнт даручыў прадставіць некалькі варыянтаў, каб Уладзімір Віктаравіч і далей працягваў працаваць на карысць Беларусі”, — дадаў кіраўнік урада.

Як паведамляў БелаПАН, знешні дзяржаўны доўг паменшыўся з пачатку 2018 года на 179 млн даляраў, або на 1,1%, і па стане на 1 жніўня склаў 16,5 млрд даляраў. Паводле дадзеных Мінфіна, Беларусь у 2019—2025 гадах плануе накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд даляраў.

Максім Ермаловіч нарадзіўся 26 чэрвеня 1977 года ў Лепелі (Віцебская вобласць). Скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. У 2002—2007 гадах працаваў у Міністэрстве фінансаў на розных пасадах. У 2007—2011 гадах — начальнік галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі. З 2011 па 2014 гады — намеснік міністра фінансаў. 15 снежня 2014 года быў прызначаны на пасаду першага намесніка міністра фінансаў.

Вядомы як прыхільнік рынкавых рэформаў. Яго выказванні нярэдка адрозніваліся ад афіцыйнага пункта гледжання. Так, выступаючы ў лістападзе 2016 года на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Мінску, Ермаловіч заявіў, што ўвядзенне ў Беларусі так званага падатку на дармаедства было самым простым, але не самым эфектыўным крокам, які выклікаў „дастаткова вялікую дыскусію ў грамадстве”.

belapan.by