Сяргей Румас: Інфляцыя з пачатку жніўня нулявая



З пачатку жніўня інфляцыя знаходзіцца на нулявым узроўні, паведаміў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 23 жніўня ў праграме „Размова ў прэзідэнта” на тэлеканале „Беларусь 1”.

За сем месяцаў 2019 года рост спажывецкіх цэн склаў 3,1% пры прагнозе на год 5%. Паводле слоў Румаса, няма вялікай небяспекі, што ўвосень будзе ўсплёск інфляцыі.

Прэм’ер-міністр заявіў, што ў яго няма поўнай задаволенасці ад працы эканомікі ў першай палове гэтага года. „З аднаго боку, выкананыя ўсе якасныя паказчыкі, і сітуацыя ў эканоміцы стабільная, эканоміка развіваецца збалансавана, інфляцыя знаходзіцца ў зададзеных параметрах… Па тым, як развіваецца сітуацыя на спажывецкім рынку сёння, мы бачым, што нейкіх вялікіх апасенняў, што да канца года будзе ўсплёск інфляцыі, няма”, — сказаў Румас.

Акрамя таго, паводле яго слоў, стабільная сітуацыя на валютным рынку, насельніцтва ў студзені—чэрвені прадало банкам валюты больш, чым купіла, на 800 млн долараў. Беларускі рубель умацоўваецца не да адной валюты, а да кошыка валют, што „нясе новыя выклікі для нашых прадпрыемстваў”. „Цяпер мы займаемся праблемай станоўчых курсавых розніц, калі ад пераацэнкі валютных крэдытаў прадпрыемствы атрымалі станоўчую курсавую розніцу. Раней такога не было, і ім неабходна плаціць падаткі, г.зн. прыбытак, які яны атрымалі, віртуальны, а падаткі ў падатковую інспекцыю трэба плаціць цалкам рэальныя. І ў каго вялікія пазычанні ў валюце, гэта буйныя сумы”, — адзначыў Румас.

Паводле яго слоў, падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку 23 жніўня той пагадзіўся з прапановамі ўрада і „на першым этапе прыняў рашэнне аб тым, каб падатковая інспекцыя прад’яўляла да спагнання падаткі з курсавых розніц па выніках года”.

„Стабільная сітуацыя на крэдытным рынку, працэнтныя стаўкі падаюць, і ўрад вітае рашэнне Нацыянальнага банка аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання да 9,5%. Мы чакаем, што гэта прывядзе да зніжэння працэнтных ставак і нагрузкі на эканоміку”, — сказаў Румас.

Акрамя таго, растуць прамыя замежныя інвестыцыі „вышэй за план”, „мы па выніках паўгоддзя маем больш за мільярд долараў на чыстай аснове”; і шэраг іншых „паказчыкаў якасных, якія сведчаць, што эканоміка сёння знаходзіцца ў сваім раўнаважкім стане”.

Разам з тым, адзначыў Румас, эканамічны рост у краіне ніжэйшы, чым чакаў урад (1,3% за студзень-ліпень пры гадавым прагнозе 4%). „І сёння на дакладзе ў кіраўніка дзяржавы прэзідэнт акцэнтаваў на гэтым увагу. Вядома, стабільнасць вельмі важная, але ўрад не павінен забываць пра ўзятыя абавязацельствы па росце эканомікі. Гэта тое, над чым нам прыйдзецца працаваць больш напружана ў другім паўгоддзі”, — заявіў прэм’ер-міністр.

belapan.by