Румас: IT-сфера — нацыянальны прыярытэт развіцця Беларусі
IT-сфера — нацыянальны прыярытэт развіцця Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас 31 студзеня на пленарным пасяджэнні форуму „Лічбавая будучыня глабальнай эканомікі” ў Алматы (Казахстан).
Фота: government.by
„Ставячы перад сабой амбіцыйную мэту па стварэнні IT-краіны, мы прынялі выклік па перабудоўванні эканомікі, пераводзе яе на лічбавыя рэйкі, — цытуе кіраўніка ўрада яго прэс-служба. — Вызначыўшы IT-сферу нацыянальным прыярытэтам развіцця, дзяржава сфармавала неабходныя стартавыя ўмовы. У Беларусі створаная развітая і адпаведная сусветным стандартам інфраструктура перадачы, захоўвання і апрацоўкі дадзеных, механізмы ідэнтыфікацыі, сучасныя сродкі абароны інфармацыі”.
Ён зазначыў, што адным з ключавых у гэтай галіне стаў праект па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дадзеных. „На сённяшні дзень цэнтр сертыфікаваны па міжнародных стандартах і забяспечвае высокі ўзровень бяспекі і адмоваўстойлівасці. Ужо сёння больш за 400 дзяржорганаў і арганізацый ажыццявілі паэтапны пераход на выкарыстанне паслуг рэспубліканскага ЦАДа і воблачнай платформы”, — сказаў прэм’ер-міністр.
У ліку ўжо рэалізаваных у Беларусі праектаў Румас назваў праграмна-тэхнічны комплекс уліку падатковых рахункаў-фактур. Ён дазволіў увесці па ўсёй краіне электронныя рахункі-фактуры ўзамен папяровых і стварыць дзяржаўную сістэму па іх апрацоўцы, захоўванні, перадачы і прыёме з дапамогай тэхнічных, праграмных сродкаў. Таксама кіраўнік урада згадаў увядзенне адзінай аўтаматызаванай сістэмы электронных рэцэптаў для Міністэрства аховы здароўя. Такое рашэнне забяспечвае ўніфікаваны бяспечны доступ да баз дадзеных Міністэрства аховы здароўя з любой кропкі Беларусі, што скароціць выдаткі і паскорыць укараненне IT у ахове здароўя. Сістэма міжведамаснага электроннага дакументазвароту дзяржаўных органаў дазволіла забяспечыць абмен электроннымі паведамленнямі паміж усімі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі на адзінай платформе.
„Трэба адзначыць, што ўкараненне электроннага дакументазвароту ў маштабах усёй краіны — унікальны вопыт, і мы тут у ліку лідараў, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Адзін з найважнейшых праектаў, над якім сёння працуем, — стварэнне нацыянальнай інтэграцыйнай даведачна-разліковай сістэмы. Гэта ключавы этап лічбавай трансфармацыі, які дазволіць нам пачаць выдачу біяметрычных пашпартоў (ID-карт і электронных пашпартоў) і забяспечыць свабодны доступ да паслуг электроннага ўрада ў рэжыме 24/7”.
Румас асобна спыніўся на поспехах Парку высокіх тэхналогій: „Нашы вынікі і дасягненні ў сферы IT пакуль яшчэ нельга параўноўваць з сусветнымі лідарамі. Але ў нечым мы таксама дасягнулі поспеху. Наш Парк высокіх тэхналогій, створаны дзякуючы асабістай падтрымцы кіраўніка дзяржавы, стаў ва Усходняй Еўропе рэгіянальным цэнтрам прыцягнення лепшых талентаў і розумаў”.
Паводле яго слоў, гэта самы хуткарослы сектар эканомікі Беларусі — экспарт па выніках мінулага года склаў 2 млрд даляраў. Тры гады таму ён не перавышаў чвэрці гэтай сумы. За апошнія два гады колькасць рэзідэнтаў вырасла і сёння набліжаецца да 800. „Гэта дадае аптымізму на будучыню”, — дадаў ён.
Румас таксама наведаў арганізаваную ў рамках форуму выставу ІТ-кампаній і стартапаў, узяў удзел у цырымоніі ўручэння прэміі Digital Almaty Awards.
belapan.by