Румас канстатуе замаруджванне тэмпаў росту ў шэрагу галін эканомікі



У Беларусі запавольваюцца тэмпы росту ў прамысловасці, будаўніцтве, гандлі і сельскай гаспадарцы, канстатаваў прэм`ер-міністр Сяргей Румас 4 снежня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў. Разгледжаныя вынікі работы эканомікі краіны за мінулы перыяд 2018 года, чаканыя вынікі за год і ацэнка студзеня 2019 года, паведамляе прэс-служба ўрада.

Як адзначыў Румас, у цэлым па выніках студзеня-кастрычніка эканоміка краіны развіваецца ў межах найважнейшых паказчыкаў прагнозу: рост эканомікі ў рамках запланаванага ўзроўню — на 3,5%; экспарт вырас на 18%; інфляцыя ў зададзеных параметрах — 4,2%; утрымліваецца высокі ўзровень рэальных грашовых даходаў насельніцтва — рост на 7,8%; рэспубліканскі бюджэт выконваецца з прафіцытам — 5,2 млрд рублёў.

„Разам з тым за кастрычнік страцілі 0,2 працэнтнага пункта, па 0,1 — у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Запавольваюцца тэмпы росту ў прамысловасці, у будаўніцтве, у аптовым і рознічным гандлі, у сельскай гаспадарцы”, — падкрэсліў Румас.

Прэм`ер-міністр звярнуў асаблівую ўвагу на падзенне тэмпаў у сельскай гаспадарцы. „Спасылкі на засушлівы год перашкаджаюць дагэтуль прырастаць малаком. І мне незразумела, напрыклад, чаму па адной вобласці малако прырастае да мінулага года больш за 5%, па дзвюх іншых абласцях малако падае больш за 5%. Але гэта мы сёння разгледзім”, — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, заданне па будаўніцтве жылля выкананае менш чым на 70% ад устаноўленага аб`ёму, хоць запэўніванні ёсць, што сёлета 4 млн квадратных метраў будзе здадзена.

Румас канстатаваў, што чатыры рэгіёны Беларусі ідуць ніжэй за прагноз па росце валавога рэгіянальнага прадукту. Да Магілёўскай і Гомельскай абласцей, чыю працу разглядалі на пасяджэнні Савета міністраў па выніках студзеня-верасня, далучыліся Берасцейская і Менская вобласці.

Прэм`ер-міністр нагадаў удзельнікам пасяджэння, што ўрад — гэта калегіяльны орган. Але адказнасць ва ўсіх за даручаныя ўчасткі персанальная. „Ужо некалькі разоў мы тут чулі, што ўсе заданні будуць выконвацца, але, на жаль, чатыры месяцы работы паказваюць, што мы гэтую планку пастаянна спрабуем панізіць”, — падсумаваў Румас.

У студзені-кастрычніку прырост ВУП Беларусі склаў 3,5%, што з`яўляецца афіцыйным прагнозным паказчыкам на 2018 год.

belapan.by