Румас: Крыптавалюты — гэта мадэрнізаваная МММ



Старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас параўнаў хаджэнне крыптавалют і ўвесь ажыятаж вакол іх з папулярнай фінансавай пірамідай 90-х гадоў.

«Калі разглядаць як сродак інвестыцый — гэта мадэрнізаваная МММ, — сказаў Румас журналістам, адказваючы на пытанне аб стаўленні да крыптавалютаў. — Першыя, што ўклалі сродкі, — заробяць, але многія згубяць».

«Калі разглядаць як сродак плацяжу — так, зручны інструмент, асабліва для тых, хто па розных прычынах хоча абысці патрабаванне рэгулятара. Таму не зусім разумею, для чаго Беларусі тут быць наперадзе планеты ўсёй», — дадаў ён.

Падобнага меркавання Румас прытрымліваецца і адносна тэхналогіі блокчэйн.

«Я б не казаў, што гэта рэвалюцыя. Так, гэта новая прасунутая тэхналогія, заснаваная на размеркаванай базе звестак. Сфера яе прымянення можа быць вельмі шырокая, але казаць пра тое, што, укараняючы яе, мы вырашым усе праблемы і рванем – гэта, напэўна, завышаныя чаканні», – сказаў банкір.

Сяргей Румас падкрэсліў, што гэта яго «асабістая пазіцыя». tut.by