Румас: Падрыхтаваны пакет мер па падтрымцы эканомікі



Міністэрствам эканомікі падрыхтаваныя, а Нацыянальным банкам, Адміністрацыяй прэзідэнта і ўрадам ухваленыя прапановы па стабільнай працы эканомікі, паведаміў прэм’ер-міністр Сяргей Румас, выступаючы 26 сакавіка на пасяджэнні прэзідыума Саўміна.

„У сувязі з эпідэміялагічнымі працэсамі ў свеце істотна змянілася сітуацыя, яе называюць цунамі эканамічнага разбурэння. Беларусь не засталася ўбаку”, — падкрэсліў Румас.

Ён адзначыў, што ў сувязі з гэтым „не працуюць лагістычныя ланцужкі, заключаныя кантракты не выконваюцца”.

„Сітуацыя ўскладняецца тым, што працэс толькі нарастае, і тэрміны аднаўлення няясныя. У такой сітуацыі бізнес чакае падтрымкі і хоча ведаць, чым дзяржава можа дапамагчы, каб не патануць у гэты складаны перыяд”, — канстатаваў Румас.

Ён паведаміў, што на даручэнне ўрада Мінэканомікі распрацавала і ўнесла зацікаўленым дзяржорганам прапановы па стабільнай працы эканомікі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце.

„Пазаўчора мы з удзелам Нацбанка і Адміністрацыі прэзідэнта падрабязна абмеркавалі прапанаваныя меры. У цэлым пазіцыі ўдзельнікаў па прапанаваным наборы мер істотна зблізіліся, і мы выйшлі на ўзгодненыя рашэнні, спрэчных пытанняў практычна не засталося”, — заявіў Румас.

У сувязі з гэтым, працягнуў ён, ва ўрадзе вырашылі не зацягваць з абмеркаваннем і правесці прэзідыум Савета міністраў 26 сакавіка, не адкладаючы яго на 31 сакавіка, як планавалася раней.

„Улічваючы, што шэраг мер запатрабуе ўхвалення і прыняцця рашэнняў з боку кіраўніка дзяржавы, неабходна паводле вынікаў нашага абмеркавання ўнесці адпаведныя прапановы прэзідэнту. Таму прашу Мінэканомікі аформіць адпаведны даклад (кіраўніку дзяржавы), а дзяржаўным органам арганізаваць працу па падрыхтоўцы праектаў нарматыўных актаў”, — адзначыў Румас.

Пасля ўступнага слова прэм’ер-міністра, якое прагучала на пасяджэнні прэзідыума Саўміна, журналістаў папрасілі пакінуць залу.

belapan.by