Румас: Пуск АЭС выходзіць на фінішную прамую, але ёсць шэраг пытанняў



На сустрэчы з гендырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым 24 верасня прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прапанаваў «калі не зняць спрэчныя моманты, то, прынамсі, разабрацца ў іх і намеціць, як яны будуць пераадольвацца».

«Галоўнае, мы павінны дакладна вызначыцца, што нам перашкаджае сёння выконваць тыя планы, якія намеціліся па ключавых этапах. Думаю, мы павінны пабудаваць працу так з абодвух бакоў, каб ніякіх збояў у нас не адбылося», – цытуе Румаса прэс-служба ўрада.

У сваю чаргу, Ліхачоў распавёў прэмʼеру пра сваё наведванне будоўлі АЭС 23 верасня. (Паводле паведамлення «Расатама», учора ў Астраўцы прайшла нарада з удзелам Ліхачова, намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка, намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Анатоля Далгаляўца, пасла Расеі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава і іншых беларускіх і расейскіх чыноўнікаў.)

«Першы блок знаходзіцца ў вышэйшай ступені тэхнічнай гатоўнасці, мы ацэньваем – гэта 97% рэалізацыі праекта, – паведаміў Ліхачоў Румасу. – Сёння мы, у прынцыпе, з дакладнасцю да дзён можам распісаць усе падзеі і дзеянні, уключаючы фізічны пуск, падключэнне да сеткі, выхад на 100-працэнтную магутнасць, узяўшы за аснову Ленінградскую, Новаваронежскую станцыі».

«Мы вельмі добра ўяўляем да дэталяў усё, што будзе адбывацца ў найбліжэйшыя месяцы, тыдні, дні і нават гадзіны», – сказаў кіраўнік «Расатама». Пры гэтым ён падкрэсліў: «Бяспека – перш за ўсё, і ніякіх кампрамісаў быць не можа».

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Ядзернае паліва, як чакаецца, паступіць на атамную станцыю восенню. Завяршыць увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС плануецца ў пачатку 2020 года. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

БелаПАН