Румас раскрытыкаваў працу прадстаўнікоў дзяржавы ў назіральных саветах



Прэм’ер-міністр Сяргей Румас лічыць недастатковай працу прадстаўнікоў дзяржавы ў назіральных саветах прадпрыемстваў. Пра гэта кіраўнік урада заявіў 10 сакавіка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, дзе разглядалася праца прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць дзяржаве.

«Эфектыўнасць дзяржаўнага сектара, калі меркаваць па прадукцыйнасці працы, ніжэйшая, чым на прыватных прадпрыемствах. Прычын некалькі, але адна з асноўных – нізкая якасць кіравання прадпрыемствамі. Гаворачы аб нізкай якасці кіравання, я маю на ўвазе не толькі нанятага кіраўніка прадпрыемства, але і недастаткова эфектыўную сістэму ўладальніцкага нагляду з боку дзяржаўных органаў і слабую пакуль працу прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання прадпрыемстваў», – прыводзіць словы Румаса прэс-служба ўрада.

Як нагадаў прэмʼер, каб пераламаць сітуацыю, былі прыняты рашэнні аб павышэнні ўзроўню прадстаўленасці ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў. Прадстаўнікі дзяржавы ў найбуйнейшых арганізацыях павінны былі выбудаваць сістэму прыняцця рашэнняў і кантролю, расставіць прыярытэты і падабраць у назіральныя саветы спецыялістаў з адпаведнымі кампетэнцыямі.

Прайшоў фактычна год, і ў сувязі з гэтым Румас папрасіў старшыню Дзяржкаммаёмасці Андрэя Гаева даць ацэнку праведзенай працы перш за ўсё на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у топ-100. Асноўныя пытанні: што зроблена па паляпшэнні якасці кіравання прадпрыемствам з боку ўласніка, як выстаўлены прыярытэты ў кіраванні. Ён таксама папрасіў акцэнтаваць увагу на выкананні прадстаўнікамі дзяржавы пастаўленых перад імі персанальных задач.

У прыватнасці, абмяркоўвалася, як выконваецца даручэнне ўрада аб увязцы тэмпаў росту прадукцыйнасці працы і зарплаты. «Мяркуючы па статыстыцы, вынікі вельмі розныя. Палова прадпрыемстваў з топ-100 у 2019 годзе з гэтай задачай не справілася», – канстатаваў Румас.

Адно з важных пытанняў – скарачэнне выдаткаў. «Па наяўнай у мяне інфармацыі, некаторыя таварыствы нават не прадугледзелі гэтае пытанне на парадку дня наглядальных саветаў. Выдаткі растуць як па дзяржорганах, так і па асобных арганізацыях. Было даручана аптымізаваць крэдытныя партфелі, папрацаваўшы з банкамі. Да вырашэння гэтай задачы, мяркуючы па справаздачах, некаторыя таварыствы таксама падышлі фармальна», – звярнуў увагу прэмʼер-міністр.

«Відавочна, што персанальныя задачы, вызначаныя прадстаўнікам дзяржавы, у поўным абʼёме не выкананы. У наяўнасці адсутнасць належнай каардынацыі з боку органаў уладальніцкага нагляду і Дзяржкаммаёмасці», – сказаў Румас.

Ён адзначыў, што ключавая задача назіральных саветаў – вызначэнне стратэгіі развіцця таварыства. Для распрацоўкі комплексных стратэгій развіцця ўрад даручаў прыцягнуць патэнцыял Мінэканомікі і Акадэміі навук. «Што маем: у кожным чацвёртым таварыстве з топ-100 у 2019 годзе пытанне вызначэння стратэгіі развіцця на назіральным савеце не разглядалася. Значыць, дзейная стратэгія актуальная і не мае патрэбы ў змене?» – задаў пытанне прэмʼер-міністр.

Яшчэ адно пытанне – гэта аказанне спонсарскай дапамогі. «Дакаціліся да таго, што прадпрыемствы, якія выпрасілі дзяржаўную падтрымку, аказваюць спонсарскую дапамогу. І нікому да гэтага няма справы. Сёння паправім», – сказаў Румас.

БелаПАН