Румас разлічвае на фінансавую падтрымку Сусветнага банка
Беларусь разлічвае на працяг цеснага ўзаемадзеяння з Сусветным банкам, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з прадстаўнікамі банка 2 кастрычніка.
„Мне вельмі прыемна адзначыць той высокі ўзровень супрацоўніцтва, які склаўся паміж Рэспублікай Беларусь і Сусветным банкам, — сказаў Румас. — Лічбы кажуць самі за сябе: агульны партфель праектаў за ўвесь час ацэньваецца ў суму большую за 1,7 млрд долараў, у тым ліку праекты на 800 млн знаходзяцца ў працэсе рэалізацыі. Абноўлены склад урада мае намер толькі развіваць і памнажаць той узровень супрацоўніцтва, які мы маем”.
„Урад працуе над абноўленай праграмай дзеянняў. Для нас вельмі важна падтрымаць эканамічны рост Беларусі, зрабіць яго ўстойлівым і дынамічным. Чакаем, што ў бягучым годзе тэмпы эканамічнага росту будуць паскарацца, у наступным годзе будуць вышэйшыя за сярэднесусветныя, і для нас вельмі важна выкарыстаць гэты час для рэалізацыі існуючага патэнцыялу. Мы разлічваем на цеснае ўзаемадзеянне з Сусветным банкам не толькі ў частцы кансультацый, але і фінансавай падтрымкі банкам эканамічных пераўтварэнняў”, — прыводзіць словы Румаса прэс-служба ўрада.
У Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр, надаецца вялікая ўвага развіццю прадпрымальніцтва. „Мы рады, што Сусветны банк таксама падтрымлівае гэтыя ініцыятывы, — сказаў ён. — Таксама важным для краіны з’яўляецца сектар жыллёва-камунальных паслуг, і мы таксама ўдзячныя вам за тое, што цэлы шэраг буйных праектаў рэалізуецца ў сферы ЖКГ. У нас склаліся даверныя адносіны, і ўрад разлічвае і далей на Сусветны банк як на надзейнага партнёра”.
„У Сусветнага банка наладжана даўняе супрацоўніцтва з Беларуссю. Мы маем намер працягваць гэта цеснае і давернае ўзаемадзеянне”, — заявіла рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Крысціна Кахканен.
Напярэдадні Румас сустрэўся са старэйшым пастаянным прадстаўніком МВФ у рэгіёне Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы Надымам Ілахі і выказаў надзею, што ўдасца „асвяжыць” парадак дня дыялогу з фондам.