Румас шчыра спадзяецца на працяг дыялогу з МВФ
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сустрэўся 1 кастрычніка ў Менску са старэйшым пастаянным прадстаўніком МВФ у рэгіёне Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы Надымам Ілахі.
„У апошнія гады паміж урадам і МВФ склаўся высокі ўзровень даверу і адбылося істотнае збліжэнне нашых пазіцый па ключавых пытаннях. Я шчыра спадзяюся, што мы працягнем дыялог на сфармаваным узроўні”, — цытуе Румаса прэс-служба ўрада.
Сяргей Румас акцэнтаваў увагу, што новы курс урада будзе накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, умацаванне інстытутаў рынку і прыватнай уласнасці, правядзенне ўзважанай макраэканамічнай палітыкі. „Пытанні структурных пераўтварэнняў таксама застануцца ў цэнтры ўвагі ўрада. Асноўныя сферы рэфармавання ў поўнай меры суадносяцца з поглядамі МВФ, аднак прыхільнасць да ўмераных тэмпаў рэформ захоўваецца”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Паводле яго слоў, намечаныя на лістапад гэтага года кансультацыі па артыкуле чацвёртым статута МВФ стануць добрай магчымасцю прадметна абмеркаваць пытанні эканамічнай палітыкі ў Беларусі. „Мы разлічваем, што канструктыўны падыход каманды МВФ, уважлівыя адносіны да нюансаў і асаблівасцяў геапалітычнай і эканамічнай абстаноўкі, у якой знаходзіцца Беларусь, дазволяць сфармаваць збалансаваную справаздачу па чацвёртым артыкуле. Мы спадзяемся, што сустрэчы, якія маюць адбыцца, стануць добрай нагодай „асвяжыць” парадак дня нашага дыялогу з МВФ, улічыць аспекты новай праграмы дзейнасці ўрада”, — падсумаваў Румас.
У сваю чаргу Надзім Ілахі павіншаваў Сяргея Румаса з прызначэннем на пасаду. Паводле яго слоў, каманда МВФ рыхтуецца да сустрэч па артыкуле 4-м, што маюць адбыцца, і спадзяецца, што кансультацыі пройдуць у канструктыўным ключы.
Беларусь прасіла ў МВФ крэдыт на 3 мільярды долараў, аднак летам мінулага года ўрад паведаміў, што перамовы прыпыненыя. Беларускія ўлады не пагадзіліся з патрабаваннем МВФ аб павышэнні тарыфаў на камунальныя паслугі для насельніцтва, выканаўшы ўсе астатнія рэкамендацыі фонду. „Перспектыва (новай праграмы з МВФ) ёсць. Да гэтага пытання трэба вярнуцца ў 2020 годзе”, — паведаміў напярэдадні агенцтву Рэйтэр міністр фінансаў Максім Ермаловіч.