Румас: Тавараабарот з Літвой наблізіўся да 1,5 млрд даляраў



Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Літвой сёння развіваецца вельмі добра — у 2019 годзе тавараабарот наблізіўся да 1,5 млрд даляраў ЗША, заявіў 4 лютага ў Менску прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам.

Румас адзначыў, што на працягу апошніх пяці гадоў беларускія грузы забяспечваюць 30% загрузкі Клайпедскага дзяржаўнага марскога порта, паведамляе прэс-служба ўрада.

Сустрэча Румаса і Лінкявічуса адбылася напярэдадні 25-годдзя падпісання дамовы аб сяброўстве і мяжы (6 лютага). Як адзначыў прэм’ер-міністр, гэта добрая нагода абмеркаваць дасягнутыя вынікі і задумацца над тым, што трэба змяніць.

Румас таксама звярнуў увагу на тое, што літоўскі бізнес вельмі добра адчувае сябе ў Беларусі — тут паспяхова функцыянуюць 575 кампаній з літоўскім капіталам. Рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты з удзелам літоўскага капіталу ў раздробным гандлі, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, транспартна-лагістычнай сферы.

„Добры прыклад — літоўская кампанія ВМГ, якая рэалізуе сёння другі буйны праект у Беларусі — будаўніцтва вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу ў Віцебску”, — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада. Паводле яго слоў, гэта з’яўляецца доказам таго, што літоўскі бізнес можа прыходзіць у Беларусь і паспяхова працаваць.

„Тое, што ў нас існуе актыўная ўзаемная цікавасць, — гэта пацвярджае і візавая статыстыка. Для ўрадаў дзвюх краін важнай задачай становіцца павышэнне прапускной здольнасці і сінхранізацыя памежных і мытных службаў Беларусі і Літвы”, — звярнуў увагу Румас.

Прэм’ер-міністр упэўнены, што патэнцыял беларуска-літоўскага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. „Безумоўна, ён мог бы быць значна вышэйшы. Сумеснымі намаганнямі мы павінны садзейнічаць гэтаму, у тым ліку праз фармаванне спрыяльнага палітычнага клімату”, — лічыць кіраўнік урада.

„Я спадзяюся, што гэтай мэце можа паслужыць і Беларуска-літоўскі бізнес-форум, які плануецца правесці 14—15 траўня гэтага года ў Клайпедзе. Сярод тэм, якія маглі б уяўляць узаемную цікавасць да разгляду на гэтым форуме, маглі б быць і супрацоўніцтва ў сферы транспарту, лагістыкі, лясной прамысловасці, дрэваапрацоўкі, інфармацыйныя і лічбавыя тэхналогіі ў прамысловасці. Я таксама думаю, што актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння паспрыяла б аднаўленне працы міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве”, — сказаў Румас.

У сваю чаргу Лінас Лінкявічус адзначыў, што настаў час для больш інтэнсіўных адносін, кантактаў і адкрытай размовы, бо, нягледзячы на ўсе станоўчыя прыклады супрацоўніцтва, ёсць і рознагалоссі.

„Але гэтыя рознагалоссі не з’яўляюцца прычынай не размаўляць. Мы павінны гэта рабіць”, — падкрэсліў літоўскі міністр.

Лінкявічус запрасіў Румаса наведаць беларускую гімназію ў Вільні і ўзяць удзел у працы форуму ў Клайпедзе ў траўні.

belapan.by

Фота БЕЛТА