Румас: Урад гатовы ўсяляк падтрымліваць венгерскія праекты ў Беларуcі



Урад гатовы ўсямерна падтрымліваць венгерскія праекты ў Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 14 студзеня ў Менску на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам, паведаміла прэс-служба ўрада.

Найперш гаворка ідзе аб арыентаваных на рынак Еўразвяза праектах, а таксама тых, што падтрымліваюць кітайскую ініцыятыву новага Шаўковага шляху, адзначыў кіраўнік Саўміна.

На думку Румаса, высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння Беларусі і Венгрыі павінен падмацоўвацца эканамічнымі праектамі. Напрыклад, у Беларусі шмат гадоў працуе фармацэўтычная кампанія „Гедэон Рыхтэр”, у 2017 годзе на тэрыторыі Венгрыі створанае сумеснае прадпрыемства ў будаўнічай галіне. „Разлічваем, што гэтыя праекты не будуць адзінымі ў нашых адносінах, і чакаем новых прапаноў з венгерскага боку”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Петэр Сіярта прапанаваў абмеркаваць шэраг такіх праектаў, у тым ліку ў фармацэўтычнай прамысловасці. „Гэтую сферу мы лічым стратэгічна важнай”, — падкрэсліў ён.

Падчас перамоў Румас сказаў, што ўрад Беларусі надае вялікае значэнне адносінам з Венгрыяй ва ўсіх сферах. „Асновай нашага ўзаемадзеяння мы бачым перш за ўсё эканамічны складнік, — адзначыў ён. — Мяркую, прыйшоў час павышаць узровень нашага ўзаемадзеяння. Мы дамаўляліся ў кастрычніку на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Венгрыі, што ён наведае ў лютым Беларусь”.

Румас прапанаваў абмеркаваць тэрміны гэтага візіту і яго напаўненне канкрэтнымі мерапрыемствамі.

Тавараабарот Беларусі і Венгрыі ў студзені—лістападзе 2018 года вырас на 8% да 179,3 млн долараў. Аб’ём гандлю паслугамі ў студзені—кастрычніку 2018 года павялічыўся на 21,7% да 16,3 млн, аснову склалі транспартныя, камп’ютарныя і турыстычныя паслугі. У Беларусі дзейнічаюць восем прадпрыемстваў з венгерскім капіталам.

belapan.by