Румас увайшоў у назіральны савет „Рассельхозбанка”



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас увайшоў у склад назіральнага савета аднаго з найбуйнейшых расейскіх банкаў — „Рассельхозбанка”, сведчыць інфармацыя на сайце банка.

Па памеры актываў „Рассельхозбанк” займае шостае месца ў банкаўскай сістэме Расеі, у якой дзейнічаюць 365 камерцыйных банкаў. „Рассельхозбанк” быў створаны ў 2000 годзе „ў мэтах развіцця нацыянальнай крэдытна-фінансавай сістэмы аграпрамысловага сектара і сельскіх тэрыторый Расіі”, але пры гэтым аказвае ўсе віды банкаўскіх паслуг. 100% акцый расійскага банка належаць дзяржаве.

На сайце „Рассельхозбанка” гаворыцца, што Румас увайшоў у склад назіральнага савета ў якасці „прадстаўніка Расейскай Федэрацыі”.

Сяргей Румас нарадзіўся 1 снежня 1969 года ў Гомелі. У 1990 годзе скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае вучылішча па спецыяльнасці „фінансавае забеспячэнне войскаў”, у 1995 годзе — Акадэмію кіравання пры Кабінеце міністраў Беларусі па спецыяльнасці „арганізацыя і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасці”. Кандыдат эканамічных навук.

Працаваў у сістэме Дзяржбанка СССР, затым у камерцыйных банках, пакуль не перайшоў у „Беларусбанк”. 22 верасня 2005 года Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Румаса старшынёй праўлення ААТ „Белаграпрамбанк”.

У 2010—2012 гадах быў намеснікам прэм’ер-міністра, са жніўня 2012 года — старшынёй праўлення ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. У жніўні 2018 года быў прызначаны прэм’ер-міністрам, а 4 чэрвеня 2020 года, за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, Румаса на пасадзе прэм’ер-міністра змяніў Раман Галоўчанка.

Падчас кадравых прызначэнняў у той дзень Лукашэнка выказаўся пра Румаса: „Вялікіх прэтэнзій няма, але чалавек хоча займацца бізнесам, я вітаю”.

Між тым назіральнікі мяркуюць, што адстаўка Румаса магла быць выкліканая палітычнымі прычынамі, а менавіта прафесійнымі сувязямі Румаса са старшынёй праўлення „Белгазпрамбанка” Віктарам Бабарыкам, які пайшоў у палітыку.

Румас у 2014—2018 гадах быў членам савета дырэктараў (незалежным дырэктарам) у назіральным савеце „Белгазпрамбанка”. У траўні 2020 года Бабарыка заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, а ў чэрвені быў затрыманы ў межах крымінальнай справы.

У лютым 2021 года стала вядома пра распачынанне крымінальных спраў і затрыманне банкіраў, з якімі раней Румас працаваў у „Белаграпрамбанку” і Банку развіцця. Румас з пачатку года знаходзіўся ў Вялікабрытаніі, а затым ва Украіне.

belapan.by