Румас узяўся за авечак
Урад зацвердзіў комплекс мер па развіцці авечкагадоўлі ў Беларусі на 2019—2025 гады. Адпаведнае рашэнне замацаванае пастановай Савета міністраў ад 30 красавіка № 268, паведаміла прэс-служба ўрада.
Комплекс мер распрацаваны ў мэтах забеспячэння больш поўнай занятасці сельскага насельніцтва, павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі.
Фінансавае забеспячэнне рэалізацыі мерапрыемстваў комплексу мер плануецца ў межах сродкаў, прадугледжаных у рамках адпаведных дзяржаўных праграм у аграпрамысловым комплексе, і складзе 67 млн 572,5 тыс. рублёў. З іх 17 млн 954 тыс. — сродкі рэспубліканскага бюджэту, 28 млн 391,9 тыс. — сродкі мясцовых бюджэтаў, 8 млн — крэдыты банкаў і ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”, 13 млн 226,6 тыс. рублёў — уласныя сродкі суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці.
Адказным замоўцам комплексу мер вызначанае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
На 1 студзеня 2019 года ў суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці, налічвалася 87,6 тыс. авечак 11 парод. Рэалізацыя комплексу мер дасць магчымасць да 2026 года павялічыць колькасць пагалоўя да 116,5 тыс.
Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада 2018 года падчас наведвання Віцебскага футравага камбіната даручыў развіваць авечкагадоўлю ў краіне. „Мы вінны табе гэтыя паўмільёна (будзем арыентавацца — паўмільёна) шкур, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўніка холдынга „Марка” Мікалая Мартынава. — Я адчуваю, што аграрыі у нас недапрацоўваюць у гэтым плане, асабліва ў Віцебскай вобласці. Яны тут усё не перааруць, а авечка ў нас спрадвеку тут — на ўсходзе я вось побач жыў, і на поўначы тут, у Віцебскай вобласці, заўсёды разводзілі авечак. Добра растуць у нас авечкі. Цяпер я ведаю, колькі яму аўчыны прывезці. Ён мне на наступны год сшые кажушок, а я пагляджу. А ён скажа, прыдатная гэтая аўчына або не”.