Рыбакоў: прыпыненне экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі адменена



Прыпыненне экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі адменена. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў.

„Гэта быў невялікі перыяд прыпынення. Прыпыненне адменена. Хоць мы пакуль не выйшлі на тыя аб’ёмы экспарту, якія прапісваліся намі ў бізнес-плане. Але сам экспарт у нас не пад забаронай”, – сказаў кіраўнік канцэрна.

Андрэй Рыбакоў растлумачыў, што для любой нафтаперапрацоўкі ёсць пэўны найбольш эфектыўны радыус рэалізацыі прадукцыі. „Далей лагістыка пачынае ўступаць у сілу, – адзначыў ён. – Вядома, бліжэйшыя рынкі будуць самыя эфектыўныя. Далейшая рэалізацыя – праз парты, на далёкі перыметр – будзе ўжо зыходзіць з кан’юнктуры таго рынку, на які мы будзем пастаўляць. І наогул з кан’юнктуры сусветных цэн на нафтапрадукты. Але самыя эфектыўныя рынкі – гэта нацыянальны і бліжэйшыя. На іх і будзем у першую чаргу арыентавацца”.

Як паведамлялася раней, Беларусь прыпыняла экспарт нафтапрадуктаў, каб гарантавана забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку. Экспарт нафтапрадуктаў быў спынены пасля таго, як РФ спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь.

belta.by