Рыбгасам Беларусі дадуць крэдыты
Для дасягнення неабходных аб’ёмаў вытворчасці рыбаводным арганізацыям Беларусі дадуць крэдыты.
Як паведамляецца на сайце ўрада, забеспячэнне рэспублікі ўнутранымі рыбнымі рэсурсамі прадугледжана дзяржпраграмай развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады. Таму Савет міністраў прапанаваў „Беларусбанку” і „Белаграпрамбанку” выдзеліць у 2017 годзе крэдыты рыбаводным арганізацыям на тэрмін да трох гадоў. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове ўрада ад 4 ліпеня 2017 года №499.
На гэтыя грошы рыбныя гаспадаркі могуць набыць камбікармы для рыбы і пагасіць запазычанасці за камбікармы, набытыя ў 2017 годзе.
Згодна з дакументам, крэдыты выдзяляюцца банкамі ў беларускіх рублях у межах лімітаў дырэктыўнага крэдытавання дзяржпраграм і мерапрыемстваў у 2017 годзе, прадугледжаных на бягучую дзейнасць у аграпрамысловым комплексе ў адпаведнасці з пастановай Саўміна ад 29 снежня 2016 года № 1102.
У пералік рыбаводных арганізацый, якім у 2017 годзе выдзяляюцца крэдыты, уключаныя сем рыбгасаў. Плануецца, што аб’ём выдзеленых сродкаў складзе да 5,56 млн беларускіх рублёў.
Пастанова набудзе моц пасля яе афіцыйнага апублікавання, піша БелаПАН.
Фота TUT.BY