Рыхтуецца ўказ Лукашэнкі па рэгуляванні тарыфаў у сферы ЖКГ
Чакаецца выхад новага ўказа Лукашэнкі, які рэгулюе аплату жыллёва-камунальных паслуг, паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта 2 сакавіка.
„Ва ўсіх на вуснах сёння тэма ЖКГ. Тарыфы зацвярджаюцца ўрадам, і ўсе ў краіне плацяць аднолькава, — цытуе Мясніковіча БелТА. — Калі ёсць нейкія недахопы, то яны не ў сістэме, а ў тым, як гэта ўсё разлічваецца і выстаўляецца ў жыроўках. І яшчэ: усе мы, спажыўцы паслуг, павінны разумець, што найбліжэйшым часам давядзецца аплачваць 100% кошту гэтых паслуг”.
„Але тут ёсць адзін нюанс — калі гаворка ідзе пра ўзровень кампенсацыі. Расходы на аплату насельніцтвам ўсіх відаў жыллёва-камунальных паслуг у цэлым не павінны перавышаць пэўны парог”, — дадаў спікер верхняй палаты парламента.
Паводле яго слоў, Савет Рэспублікі і ўрад ужо падрыхтавалі дакументы, неабходныя для прыняцця адпаведнага ўказа.
„У прапановах, якія ўжо адпрацаваныя (хоць я не магу сцвярджаць, што яны будуць прынятыя ў такім выглядзе), ёсць абмежаванні для маламаёмных суб’ектаў гаспадарання і хатніх гаспадарак, — сказаў Мясніковіч. — Калі выдаткі на аплату ЖКП у горадзе перавышаюць 20% сукупнага даходу сям’і (уключаючы пенсіянераў, студэнтаў і гэтак далей), то ўсё, што звыш, будзе кампенсавацца за кошт бюджэту. І 15% — мяжа ў сельскай мясцовасці, да якой адносяцца і большасць райцэнтраў”.
„Калі даводзіцца чуць у СМІ пра тое, што трэба будзе аддаваць увесь заробак або пенсію на аплату камунальных паслуг, — гэта не так. Гэта не адпавядае сацыяльнай палітыцы нашай краіны”, — падкрэсліў Мясніковіч.
Нагадаем, у студзені субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады выраслі ў Беларусі на 33,3%, на халодную ваду і каналізацыю — у 3,54 разы. Поўны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады павысіўся на 83,4%, электраэнергія падаражэла на 29,5%. На фоне падзення зарплат рэзкае падаражанне паслуг ЖКГ выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў грамадстве.
Новымі тарыфамі абурыўся і Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе 22 лютага ён запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці. „Надзеньце наручнікі тым, хто не выканаў даведзеныя паводле майго загаду тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава. — Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму”.
Кіраўнік дзяржавы даручыў да 1 сакавіка падаць яму разлікі тарыфаў на паслугі ЖКГ і папярэдзіў, што службовыя асобы, якія не справяцца з дадзенымі даручэннямі, будуць за гэта адказваць.
24 лютага дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК паведаміў пра распачынанне 13 крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ у сувязі з сітуацыяй вакол тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Справы распачатыя ў кожнай з абласцей і ў Менску на падставе артыкула Крымінальнага кодэкса „Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў”. Згадвалася, што дзеяннямі службовых асоб „нанесеная істотная шкода дзяржаўным і грамадскім інтарэсам у жыллёва-камунальнай сферы, у тым ліку нанесены ўрон грамадзянам Беларусі ў асабліва буйным памеры”.
26 лютага кіраўнік КДК Анфімаў заявіў, што тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, якія павінны быць пададзеныя на разгляд Лукашэнкі да 1 сакавіка, будуць зменшаныя ў параўнанні з цяперашнімі. Паводле яго слоў, рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі КДК, Саўміна і Адміністрацыі прэзідэнта, займаецца пералікам тарыфаў зыходзячы з рэальных выдаткаў. Чакаецца, што Лукашэнка зацвердзіць тарыфы і яны не будуць мяняцца да яго асобнага распараджэння.