Рынак медыйнай інтэрнэт-рэкламы ў Беларусі ў 2018 годзе вырас на 18%
Рынак медыйнай інтэрнэт-рэкламы ў Беларусі ў 2018 годзе вырас на 18% і перавысіў 15 млн долараў ЗША, паведамляе Асацыяцыя інтэрактыўнай рэкламы (IAB Belarus).
У ацэнцы рынку медыйнай рэкламы ў беларускім інтэрнэце ўзялі ўдзел прадстаўнікі найбуйнейшых паблішараў Tut.by Media, Onliner, Kufar, трох сэлераў анлайн-рэкламы Admixer, ENTER NET AV, WebExpert і кампаніі Digital Sail (тэхнічны партнёр „Яндэкс РСЯ”).
Калі меркаваць па выніках ацэнкі, выдаткі на медыйную анлайн-рэкламу ў 2018 годзе склалі 15,2 млн долараў ЗША з улікам ПДВ, што на 18% больш, чым у 2017 годзе. Гэтая лічба ўключае банерную і відэарэкламу, спецпраекты і натыўную рэкламу, рэкламу ў сацыяльных медыя, а таксама рэкламныя затраты на медыйныя фарматы ў сетках Google (GDN) і „Яндэкс” (РСЯ). З гэтай сумы 13,8 млн долараў ЗША рэалізаваныя на пляцоўках, якія прадстаўлялі ўдзельнікі ацэнкі.
„Выдаткі на медыйную анлайн-рэкламу зноў паказалі добрую дынаміку. Гэтаму спрыяе той факт, што наш рынак развіваецца ў нагу з глабальнымі digital-тэндэнцыямі, і ў беларускіх рэкламадаўцаў ёсць усе трэндавыя інструменты і тэхналогіі”, — пракаментаваў вынікі года CEO IAB Belarus, дырэктар ENTER NET AV Кірыл Лашчанка.
Паводле яго слоў, у 2018 годзе назіралася значнае павелічэнне попыту на мабільны трафік, найбольш дынамічна расце і застаецца адным з галоўных драйвераў відэарэклама. „Таксама магу адзначыць, што рэкламадаўцы сталі больш увагі надаваць нестандартным фарматам і спецпраектам, якія даражэйшыя, але даюць брэндам больш якасную камунікацыю з карыстальнікам”, — паказаў эксперт.
„Важна, што ў 2018 годзе рэкламадаўцы сталі больш казаць пра ахову брэнда і якасць навакольнага кантэнту, а таксама даступнасць рэкламнага трафіку для аўдыту іншымі незалежнымі лічыльнікамі. Гэты трэнд спрыяе не толькі аздараўленню экасістэмы ў цэлым, але і павышэнню канкурэнтаздольнасці лакальных паблішараў. Рэкламадаўцы хочуць купляць зразумелыя банерныя месца на зразумелых інтэрнэт-рэсурсах з гарантыяй бачнасці (viewability) і гарантыяй ахопу рэальных карыстальнікаў, а не ботаў. І зараз рэсурсы, якія сканцэнтраваныя на стварэнні якаснага кантэнту і карыстальніцкіх сэрвісаў, могуць прэтэндаваць на адэкватную долю ў медыйным рэкламным пірагу”, — адзначыў Лашчанка.
Асацыяцыя інтэрактыўнай рэкламы — некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў Беларусі 29 ліпеня 2014 года. Яе мэта — садзейнічаць развіццю рынку анлайн-рэкламы. Са жніўня 2015 года ўваходзіць у міжнародную сетку асацыяцый IAB і з`яўляецца членам альянсу IAB Tech Lab.
The Interactive Advertising Bureau (IAB) — гэта міжнароднае аб`яднанне ўдзельнікаў рынку інтэрактыўнай рэкламы па ўсім свеце. Аддзяленні IAB працуюць у 41 краіне на пяці кантынентах.
IAB Tech Lab — незалежны міжнародны альянс паблішараў, тэхналагічных кампаній, маркетолагаў, агенцтваў і іншых гульцоў digital-рынку. Лабараторыя займаецца даследаваннямі і распрацоўкай глабальных індустрыяльных стандартаў і пратаколаў для іх ўкаранення.