Рынак новых аўтамабіляў у Беларусі вырасце на траціну ў 2018 годзе, мяркуе эксперт
У 2018 годзе рынак новых аўтамабіляў у Беларусі вырасце на 30-35% у параўнанні з мінулым годам, лічыць старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч. Такое меркаванне ён выказаў у каментары БелаПАН аб выніках першага паўгоддзя.
Нагадаем, у першым паўгоддзі продажы новых аўтамабіляў у аўтадылераў выраслі на 70,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
„Высокі рост продажаў у першым паўгоддзі тлумачыцца больш нізкай базай мінулага года. У цэлым па годзе мы чакаем, што аўтамабільны рынак вырасце на 30-35% да 55 тыс. аўтамабіляў, і гэта будзе выдатна”, — падкрэсліў Міхневіч.
Паводле яго слоў, рост продажаў аўтамабіляў у гэтым годзе тлумачыцца некалькімі прычынамі.
„Патанненне крэдытных рэсурсаў — вырашальны фактар паскарэння тэмпаў росту аўтарынка. Дзякуючы гэтаму набыццё новых аўтамабіляў для насельніцтва стала больш цікавым варыянтам, чым купля аўтамабіляў з прабегам”, — распавёў Міхневіч.
Паводле дадзеных БАА, ад 50% да 70% легкавых аўтамабіляў у залежнасці ад брэнда прадаюцца грамадзянам у крэдыт або перадаюцца ў лізінг.
„Каля 80% аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Беларусі, зробленыя ў Расеі. Пры гэтым нашы грамадзяне пераважна купляюць іх у аўтасалонах Беларусі, а не ў Расеі. Тут яны могуць атрымаць доступ да фінансавых інструментаў, якія наша насельніцтва ў сілу адрозненняў у грамадзянстве не можа атрымаць там”, — сказаў Міхневіч.
Ён таксама паведаміў, што рост продажу новых аўтамабіляў звязаны з актыўнасцю карпаратыўных кліентаў. „Папярэднія крызісныя гады прывялі да таго, што сфарміраваўся адкладзены попыт на абнаўленне аўтапарка, і сёлета на фоне росту дзелавой актыўнасці павялічыўся попыт на аўтамабілі з боку карпаратыўнага сектара”, — распавёў старшыня БАА.
belapan.by