Рынак продажу новых аўтамабіляў у Беларусі пачынае ажываць



Рынак продажу новых аўтамабіляў пачынае ў Беларусі паступова ажываць. Пра гэта 22 верасня заявіў журналістам у Менску Сяргей Міхневіч, старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), якая аб’ядноўвае дылераў і імпарцёраў аўтамабіляў.

„Рынак легкавых аўтамабіляў падаў у першым квартале, але другі квартал і пачатак трэцяга квартала паказалі рост. Па нашых адчуваннях, за тры кварталы рынак адыграе тое падзенне, якое было, і ў чацвёртым квартале пакажа рост у цэлым”, — адзначыў Міхневіч.

„Мы разлічваем, што ў цэлым па годзе рост рынку продажу новых аўтамабіляў у Беларусі складзе каля 10%”, — дадаў кіраўнік аўтамабільнай асацыяцыі.

Паводле яго слоў, БАА палепшыла свой гадавы прагноз па аб’ёмах продажу на аўтарынку краіны. Паводле ацэнак экспертаў асацыяцыі, у 2017 годзе ў Беларусі будзе рэалізавана каля 33,5 тыс. новых легкавых і яшчэ каля 3,5 тыс. камерцыйных аўтамабіляў. „Такім чынам, агульны аб’ём продажу складзе каля 37 тыс. новых легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў”, — сказаў Міхневіч.

Паводле яго слоў, разварот рынку ў бок росту стаў досыць нечаканым для экспертаў, якія раней прагназавалі яго стагнацыю. Прычыны росту звязаныя з паляпшэннем фінансавай сітуацыі ў краіне, памяншэннем узроўню інфляцыі і, як следства, зніжэннем банкамі працэнтных ставак па аўтамабільных крэдытах і лізінгу.

Паводле дадзеных БАА, у першым паўгоддзі аўтадылеры павялічылі продаж легкавых аўтамабіляў і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў на 13% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У першым паўгоддзі афіцыйныя аўтадылеры прадалі на ўнутраным рынку 13.591 машыну. Найбольшай папулярнасцю карысталіся аўтамабілі Renault — за першае паўгоддзе іх было прададзена 4.502 адзінкі (на чвэрць больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Другое месца па колькасці рэалізаваных аўтамабіляў у першым паўгоддзі займае Volkswagen — 2.153 аўтамабілі (рост на 4%). У тройку лідараў увайшла і расійская Lada — за першае паўгоддзе продаж машын гэтага брэнда вырас на 23%, да 1.344 адзінак.

У 2016 годзе аб’ём беларускага рынку новых аўтамабіляў склаў 33,6 тыс. адзінак, з якіх афіцыйнымі дылерамі было прададзена 24.165 легкавых і 2.346 лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў. Астатні аб’ём прыйшоўся на неарганізаваны ўвоз з Расеі. БелаПАН