Сабрана больш за 15 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
21 студзеня ў некалькіх раёнах Берасця мясцовыя актывісты збіралі подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў свабоднай эканамічнай зоне блізу горада.
Подпісы пад зваротам да ўладаў збіралі не толькі ўдзельнікі стацыянарных пікетаў, але і дзясяткі людзей па ўсім горадзе і ў прыгарадах. Сабрана больш за 15 тысяч подпісаў.
Галоўнае, што турбуе жыхароў Берасця, — ацэнка ўздзеяння новага прадпрыемства на навакольнае асяроддзе. Праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што „негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб’екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебу, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае”, а „ўвод праектаваных аб’ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі”.
Улады і забудоўшчык запэўніваюць, што завод не нясе асаблівай небяспекі, але мясцовыя жыхары да вынікаў экспертызы і слоў чыноўнікаў ставяцца скептычна. Паўторная экспертыза праекта не праводзілася, хоць абаронцы прыроды ўказалі на неабходнасць унесці ў яго змены, а грамадскія абмеркаванні прайшлі не належным чынам. Сход мясцовых жыхароў з удзелам чыноўнікаў і бізнесменаў, што адбыўся на мінулым тыдні, таксама не ліквідаваў напружанасць, людзі па-ранейшаму патрабуюць спыніць будоўлю і перанесці яе ў іншае месца. Яны выказалі гатоўнасць звярнуцца ў суд, калі ўлады не пойдуць на саступкі.
Кампанія „АйПауэр” Віктара Лемяшэўскага пачала будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем у канцы 2017 года. Падрадчыкам выступае Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай). Будаўніцтва вядзецца на пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Завод плануюць адкрыць у канцы 2018 года.
Фота brest.greenbelarus.info