„Сафмар” у сакавіку плануе паставіць у Беларусь 300 тыс. тон нафты



Кампаніі групы „Сафмар” у сакавіку плануюць паставіць у Беларусь 300 тыс. тон нафты трубаправодным транспартам, паведаміла БелаПАН крыніца, знаёмая з планамі „Сафмара”.

„Да 300 тысяч тон у сакавіку. Гэта што да „Сафмара”. Яшчэ 200 тысяч тон дадуць іншыя кампаніі. У суме, я думаю, што 500 тысяч тон будзе”, — сказаў суразмоўца.

У дзяржканцэрне „Белнафтахім” пакуль не гатовыя каментаваць гэтыя дадзеныя.

У адпаведнасці з узгодненым раней індыкатыўным балансам Беларусь у 2020 годзе павінна атрымаць 24 млн тон расейскай нафты. Аднак у пачатку года расейскія кампаніі спынілі пастаўку нафты з-за цэнавай спрэчкі і адсутнасці кантрактаў.

Адзіным пастаўшчыком расейскай сыравіны з’яўляюцца нафтавыя кампаніі групы „Сафмар” бізнесмена Міхаіла Гуцарыева, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі. У студзені яны паставілі ў Беларусь 500 тысяч тон нафты, у лютым планавалі паставіць 450 тысяч тон. Гэтага хапае для працы беларускіх НПЗ на мінімальнай загрузцы.

Напярэдадні ў „Белнафтахіме” паведамілі, што з сакавіка нафту на беларускія НПЗ, у дадатак да кампаній групы „Сафмар”, пачнуць пастаўляць пяць новых расейскіх пастаўшчыкоў, якія раней не займаліся пастаўкамі нафты ў Беларусь. Пастаўкі будуць ісці па рынкавай цане без прэміі.

Акрамя гэтага дасягнутая дамоўленасць з азербайджанскай кампаніяй Socar на пастаўку двух танкераў нафты агульным аб’ёмам 160 тысяч тон. Нафта будзе перапампоўвацца ў сакавіку з тэрыторыі Украіны па нафтаправодзе Адэса — Броды на Мазырскі НПЗ.

Раней „Белнафтахім” таксама абвясціў пра куплю ў сакавіку двух танкераў расейскай нафты з перавалкай у літоўскай Клайпедзе.

belapan.by