Сальда знешняга гандлю ў верасні зноў пайшло ў мінус



У верасні 2017 года сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі зноў стала адмоўным і склала 61,8 млн долараў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. У верасні 2016 года сальда было станоўчым — 270,6 млн долараў.

Паводле ўдакладненых даных, у студзені 2017 года адмоўнае сальда склала 55,8 млн долараў, у лютым і сакавіку было станоўчым і складала 60 млн і 133,8 млн долараў адпаведна. У красавіку сальда зноў пайшло ў мінус — 108,9 млн долараў. У маі яно стала станоўчым — 168 млн долараў, у чэрвені было плюс 214,9 млн, у ліпені — 75,4 млн, жніўні — 7 млн.

Абарот знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу ў студзені—верасні 2017 года склаў 51 млрд 617,4 млн долараў (на 18,6% больш, чым за аналагічны леташні перыяд), у тым ліку экспарт — 26 млрд 25 млн (на 18,2% больш), імпарт — 25 млрд 592,4 млн (на 18,9% больш). Прагноз росту экспарту на дзевяць месяцаў 2017 года складаў 2,3%.

У цэлым за студзень-верасень сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі было станоўчым — 423,6 млн долараў (у студзені—верасні 2016 года — плюс 482,5 млн долараў). Адносіны сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі да валавога ўнутранага прадукту склалі 1,1% пры прагнозе на студзень—верасень 2017 года не ніжэй за 0,02%.

Як адзначылі ў Белстаце, вызначальны ўплыў на фарміраванне агульнага вартаснага аб`ёму экспарту тавараў і паслуг аказваюць знешнегандлёвыя аперацыі з таварамі, доля якіх у студзені—верасні 2017 года склала 78,9%. Паслугі займалі 21,3%, і ў параўнанні з такім жа перыядам 2016 года іх доля зменшылася на 1,5 працэнтнага пункта.

Па метадалогіі плацежнага балансу абарот знешняга гандлю таварамі ў студзені—верасні 2017 года склаў 42 млрд 702 млн долараў ЗША, у тым ліку экспарт — 20 млрд 487,8 млн, імпарт — 22 млрд 214,2 млн долараў. Вартасны аб`ём экспарту ў параўнанні са студзенем—вераснем 2016 года ў бягучых цэнах павялічыўся на 20,6%, або на 3 млрд 505,4 млн долараў, імпарту — на 21,4%, або на 3 млрд 912,7 млн долараў.

Сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўнае ў памеры 1 млрд 726,4 млн долараў (у студзені—верасні 2016 года сальда было таксама адмоўнае і складала 1 млрд 319,1 млн долараў).

Па метадалогіі статыстыкі знешняга гандлю таварамі абарот знешняга гандлю таварамі ў студзені-верасні 2017 года склаў 45 млрд 81,3 млн долараў ЗША, у тым ліку экспарт — 20 млрд 914,8 млн долараў, імпарт — 24 млрд 166,5 млн. Сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўнае ў памеры 3 млрд 251,7 млн долараў (у студзені—верасні 2016 года велічыня адмоўнага сальда складала 2 млрд 382 млн долараў).

Вартасны аб`ём экспарту ў параўнанні са студзенем—вераснем 2016 года з разліку ў бягучых цэнах павялічыўся на 20,9%, або на 3 млрд 610,1 млн долараў, імпарту — на 22,8%, або на 4 млрд 479,8 млн долараў.

belapan.com