Самы багаты літовец свету прадаў актыў у Беларусі



Прэзідэнт VP Group і асноўны ўладальнік сеткі Maxima Нэрыюс Нума больш не мае дачынення да мясаперапрацоўчай кампаніі “Квінфуд” — рэзідэнта Свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”. Office Life звярнуў увагу, што кампанія больш не значыцца ў спісе актываў фонду.

“Квінфуд” існуе з 2003 года (раней як даччыная структура беластоцкага холдынгу Mispol), і вырабляе мясныя кансервы, якія прадаюцца ў тым ліку ў расійскіх сетках. Нэрыюс Нума атымаў кампанію пад кантроль у пачатку 2010-х. У 2012 годзе “Квінфуд” выйшла за рамкі мацярынскай кампаніі і стала самастойнай структурай. Нэрыюс Нума лічыцца адзіным мільярдэрам Літвы. У 2020 годзе яго маёнтак ацэньваўся ў 2,5 мільярды еўра.

Як стала вядома, цяпер 100%-м уласнікам “Квінфуда” з’яўляецца беларускі бізнесмен Валерый Загорскі. (Office Life)

На „ямачны рамонт” у Беларусі ўрад дадаткова знайшоў 100 мільёнаў рублёў

Пра гэта паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў. Ён анансуе павелічэнне плошчы дарог, дзе „ямачны рамонт” збіраюцца сёлета выконваць.

„Калі штогод рабілася каля трох мільёнаў метраў квадратных, то ў гэтым годзе ў планах ужо 4,5 мільёна метраў квадратных, — кажа намеснік міністра. — …Плануюцца працы і па капітальным рамонце з поўнай заменай дарожнага палатна, а гэта каля 200 тысяч квадратных метраў”.

Праблема стану дарог актуальная для Беларусі. Грошай на іх рамонт не хапае, а атрымаць іх з Захаду з-за санкцый ужо немагчыма. Таму столькі ўвагі „ямачнаму рамонту”, які аднак даражэе. Па ім ужо праводзяць семінары, збіраюцца выкарыстоўваць „сучасныя тэхналогіі”, абяцаюць прэміі рабочым, калі іх „ямачны рамонт” пратрымаўся год і больш. (euroradio.fm)

Заробкі ў сельскай гаспадарцы выраслі?

Зарплаты ў сельскай гаспадарцы за студзень-люты 2023 года выраслі больш як на 25 працэнтаў, але рост адстае ад сярэднерэспубліканскіх паказчыкаў. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц, перадае БЕЛТА. “У мінулым годзе мы на 23% павялічылі заработную плату. І за гэтыя два месяцы мы павялічылі яе на 25,6%. …У нас сёння выручка на чалавека вышэй, чым фонд заработнай платы. То бок, мы не праядаем, мы зарабляем. З заробленых грошай мы плацім заработную плату”, – патлумачыў Заяц.

Паводле звестак Белстата на люты 2023 года (больш свежых звестак няма), сярэдні заробак у работнікаў сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі склаў 1 270,8 рублёў. Гэта сумы да выплаты падаходнага падатку, гэта значыць, на рукі атрымліваецца менш. Пры гэтым сярэдні заробак па Беларусі ў лютым склаў 1 687,8 рублёў.

Расейскі Сбербанк запусціў пераводы ў Беларусь у беларускіх рублях

Расейскі Сбербанк запусціў пераводы ў беларускіх рублях з Расеі ў Беларусь. Гэта можна зрабіць праз мабільны дадатак банка, але, праўда, трэба мець рахунак у адпаведнай валюце. Адначасова расейскі банк рэалізаваў і ўнутрырасейскія пераводы па нумары рахунка ў кітайскіх юанях.

“У “Сбера” цяпер можна перавесці па нумары рахунка кітайскія юані па Расеі, а таксама беларускія рублі ў любы банк Беларусі. Для пераводу неабходны ашчадны рахунак у адпаведнай валюце”, — гаворыцца ў паведамленні банка. Камісія складае 1% ад сумы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота мае ілюстрацыйны характар