Самы правальны год для беларускай сельскай гаспадаркі
Сёлетняя бітва за ўраджай скончылася правалам. Паводле дадзеных Белстата, агульны намалот зерня склаў 7,03 мільёна тон. Гэта найгоршы вынік ад 2010 года.
Галоўнай прычынай стаў моцны вецер, які месцамі паклаў збажыну долу. Асабліва дасталася Ашмянам. Летась раён быў у трыццатцы найлепшых, цяпер — не трапіў нават у сотню. Падобная сітуацыя і ў Смаргонях, і ў Астраўцы, і ў Варанове.
Паводле лічбаў, у плюсе засталася толькі Гомельшчына (+12,2% намалоту ў параўнанні з 2015 годам). Аднак гэта ілюзія. Рэч у тым, што летась на Гомельшчыне быў вельмі нізкі ўраджай, таму і параўнанне ідзе з малымі лічбамі.
Лідары застаюцца ранейшымі — Гарадзенскі і Нясвіжскі раёны. Фактычна гэта барацьба паміж «Верцялішкамі» і «Сновам» – перадавымі сельскагаспадарымі прадпрыемствамі краіны, паведамляе nn.by.