Санкцыі? Французскі вытворца джыну аднавіў пастаўкі ў Расею



Французская кампанія Pernod Ricard, вытворца джыну Beefeater і віскі Jameson, без публічнай абвесткі аднавіла пастаўкі ў Расею, піша reform.by.

Кампанія прыпыніла пастаўкі ў сакавіку 2022 года, пасля ўварвання Расеі ва Украіну, і аднавіла іх нядаўна. У каментары парталу The Spirits Business прадстаўнік кампаніі заявіў, што пастаўкі маюць абмежаваны характар і былі адноўленыя, бо даваенныя запасы ў Расеі скончыліся. У кампаніі пры гэтым кажуць, што дзейнічаюць “у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі санкцыямі”.

Pernod Ricard таксама аднавіла пастаўкі ў Расею шведскай гарэлкі Absolut, але пасля крытыкі з боку шведскіх дэпутатаў змяніла сваё рашэнне.

Буйны беларускі банк адмяніў дэпазіты ў далярах

БНБ-Банк паведаміў пра адмену дэпазітаў у далярах ЗША. Як адзначаецца на сайце банка, новыя правілы былі ўведзеныя з 22 красавіка. Пачынаючы з гэтага дня БНБ-Банк перастаў прымаць ад фізічных асоб тэрміновыя адзыўныя ўклады ў далярах з тэрмінам размяшчэння сродкаў 1, 2 і 3 гады. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра дэпазіт пад назвай “Тэрміновы (адзыўны) у валюце”.

Цяпер у БНБ-Банку даступныя варыянты дэпазітаў толькі ў дзвюх замежных валютах — у еўра і расійскіх рублях.

Да 9 Мая матэрыяльную дапамогу атрымаюць каля 10 тысяч чалавек

Як паведаміла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, з 26 красавіка пачалі выплачваць прымеркаваныя да 9 Мая аднаразовыя выплаты ветэранам Другой сусветнай вайны і асобам, якія пацярпелі ад яе наступстваў. Такіх у Беларусі засталося каля 10 тысяч. Аднаразовыя выплаты да 9 Мая сёлета атрымаюць у Беларусі каля 10 тысяч ветэранаў, былых вязняў канцлагераў, блакаднікаў і работнікаў тылу.

Выплаты будуць налічвацца па наступнай схеме:

– 2000 рублёў — інвалідам і ўдзельнікам вайны.., а таксама асобам, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях да 3 верасня 1945 года;

– 1100 рублёў — узнагароджаным ордэнамі і медалямі работнікам тылу ў гады вайны, блакаднікам і некаторым іншым катэгорыям;

– 850 рублёў — асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

З бюджэту на гэтыя мэты будзе накіравана прыкладна 10 мільёнаў рублёў.

Мінус 95%: SAMSUNG мае рэкордна нізкі прыбытак

Паўднёвакарэйская карпарацыя Samsung распавяла, што ў І квартале яе агульны прыбытак скараціўся на 18%, да 63,8 трлн. вон, гэта прыкладна 47,6 мільярдаў даляраў. Пры гэтым аперацыйны прыбытак абваліўся на 95 працэнтаў, да 479 мільёнаў даляраў. І гэта самы нізкі паказнік з 2009 года.

Як піша Office Life, падзенне агульнага прыбытку прадстаўнікі кампаніі тлумачаць скарачэннем попыту, а таксама зніжэннем цэн на чыпы на фоне перавытворчасці паўправаднікоў. Тым не менш, у бліжэйшыя месяцы кампанія прагназуе аднаўленне попыту і цэн на паўправаднікі і электроніку на фоне скарачэння складскіх запасаў.

Адзначым, што нізкі попыт на чыпы і смартфоны скараціў прыбытак Samsung у 2022 годзе, але фондавы рынак адрэагаваў на гэта спакойна, паколькі кампанія загадзя папярэдзіла інвестараў пра нізкі квартальны прыбытак.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар