Саудаўская нафта пачынае паступаць на «Нафтан»
Першы чыгуначны састаў з нафтай ад нацыянальнай нафтавай кампаніі Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco прыбудзе сёння на НПЗ «Нафтан», паведаміў прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.
«16 траўня днём з Клайпеды на „Нафтан“ прыбывае першы чыгуначны састаў з саудаўскай нафтай. Састаў — 60 цыстэрнаў. Аб’ём — 3600 т», — паведаміў Аляксандр Цішчанка.
Як паведамлялася, танкер даставіў у порт Клайпеды 87 тыс. т нафты для Беларусі. У далейшым магчымасць паставак нафты ад Saudi Aramco будзе залежаць ад сітуацыі на рынку, адзначалі ў «Белнафтахіме».
У гэтым годзе Беларусь таксама закупляла для сваіх НПЗ нарвежскую і азербайджанскую нафту з перавалкай ў партах Літвы і Украіны адпаведна. У пачатку чэрвеня ў порт Клайпеды павінен прыйсці танкер з 80 тыс. т амерыканскай нафтай гатунку Bakken.