Саўмін прыняў рашэнне аб правядзенні рэспубліканскага суботніка
Рэспубліканскі суботнік пройдзе 25 красавіка. Гэтае рашэнне зацверджанае пастановай Савета міністраў ад 16 красавіка № 233, паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
„У гэты дзень рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя дзяржарганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама іншыя арганізацыі на добраахвотнай аснове могуць правесці рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкаваць і прывесці ў належны стан гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона”, — гаворыцца ў пастанове.
Асабісты ўдзел у рэспубліканскім суботніку возьмуць кіраўнікі дзяржорганаў.
Дакументам устаноўлена, што заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка грашовыя сродкі пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінгарвыканкам.
Пяцьдзесят працэнтаў заробленых на суботніку грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама і павінны быць накіраваныя на падрыхтоўку дзіцячых загарадных аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, а таксама на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Пяцьдзесят працэнтаў грашовых сродкаў аблвыканкамы і Мінгарвыканкам пералічаць Міністэрству фінансаў. Гэтыя сродкі ў роўных долях будуць накіраваныя Нацыянальнаму мастацкаму музею на завяршэнне работ на I і IV пускавых комплексах рэстаўрацыі і стварэнне адзінага комплексу будынкаў музея, а таксама Гомельскаму аблвыканкаму для фінансавання рэканструкцыі брацкага пахавання на месцы спаленай вёскі Олы ў Светлагорскім раёне.
Пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных арганізацый паводле рашэння калектываў работнікаў гэтых арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі. „Утрыманне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 25 красавіка з’яўляецца працоўным днём, робіцца з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі работнікаў”, — устаноўлена пастановай.
Дакументам зацверджаны склад рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні 25 красавіка рэспубліканскага суботніка. Яе кіраўніком вызначаны намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў.
Летась суботнік адбыўся 20 красавіка. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, у ім узялі ўдзел прыблізна 3 млн чалавек, было сабрана прыкладна 9 млн рублёў.
Варта адзначыць, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендавала Беларусі ўзмацніць меры дыстанцыявання на фоне распаўсюджвання каранавіруса ў краіне. „Мы рэкамендуем узмацніць меры дыстанцыявання, забараніць масавыя мерапрыемствы, забяспечыць каранцін хворых і кантактных асоб”, — заявіў кіраўнік экспертнай місіі СААЗ Патрык О’Конар на брыфінгу 11 красавіка ў Мінску. Паводле яго слоў, неабходныя „мерапрыемствы на ўзроўні ўсёй супольнасці, якія могуць запаволіць распаўсюджванне віруса”.
Фота belnovosti.by