Саўмін усталяваў новыя нормы забеспячэння ізалятараў КДБ



Саўмін усталяваў новыя нормы забеспячэння зняволеных у следчых ізалятарах органаў дзяржаўнай бяспекі ежай і сродкамі гігіены. Журналісты “Еўрарадыё” параўналі старыя і новыя нарматывы і расказалі, што змянілася.

Да прыкладу, па нарматывах ад 2007 года зняволеным у дзень было патрэбна даваць 100 грам рыбы „без галавы”. Зараз нарматыў скарацілі да 55 грам і дадалі рэмарку — „з галавой”. Чырвонага мяса таксама стала менш: калі раней было прапісана 100 грам мяса ў суткі, то зараз — 90. Затое дадалі 25 грам мяса птушкі, якое раней было прапісанае толькі ў нарматывах для людзей, што хварэюць. Дадалі таксама і 20 грам каўбасы на суткі. Таксама ў штодзённы рацыён дадаліся 2 яйкі, якіх у старых нормах не было зусім. 

У абноўленых нарматывах зніклі некаторыя сродкі гігіены. Так, у старых нарматывах у СІЗА было прапісана раз у паўгода выдаваць зняволенаму 1 зубную шчотку і 30 грам зубнога парашку ці зубной пасты ў месяц. Зараз гэта норма з нарматываў знікла. Разам з зубной шчоткай знік абавязак выдаваць зняволеным расчоску і сродак для мыцця валасоў. Са сродкаў гігіены цяпер зняволеныя могуць разлічваць толькі на туалетную паперу, гаспадарчае і туалетнае мыла, брытвавыя станкі — для мужчынаў, і сродкі гігіены — для жанчын.