Саўмін увёў часовую забарону на вываз льновалакна з Беларусі за межы ЕАЭС
Пастановай Савета міністраў ад 28 верасня № 705 устаноўлена часовая забарона (з 4 кастрычніка 2018 года па 4 красавіка 2019 года) на вываз за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза льновалакна, якое паходзіць з тэрыторыі Беларусі, пры яго змяшчэнні пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй і рээкспарту, паведамляе прэс-служба ўрада.
Часовая забарона не распаўсюджваецца на экспарт з Беларусі тавараў, якія вывозяцца ў дзяржавы — удзельніцы СНД, Грузію, В’етнам, Сербію.
Міністэрству замежных спраў даручана паведаміць Еўразійскай эканамічнай камісіі аб прынятай меры і ўнесці на яе разгляд прапанову аб прымяненні іншымі дзяржавамі — членамі ЕАЭС аналагічных мер.
Акрамя таго, згодна з пастановай, з 4 кастрычніка 2018 года па 4 красавіка 2019 года экспарт з Беларусі за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС ільновалакна, якое паходзіць з тэрыторыі Беларусі, пры змяшчэнні пад мытную працэдуру экспарту будзе ажыццяўляецца па разавых ліцэнзіях, што выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з Беларускім дзяржаўным канцэрнам па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці („Беллегпрам”). Парадак выдачы ліцэнзій устаноўлены правіламі выдачы ліцэнзій і дазволаў на экспарт і (або) імпарт тавараў, прадугледжанымі дадаткам да пратакола аб мерах нетарыфнага рэгулявання ў дачыненні да трэціх краін, з улікам асаблівасцяў, устаноўленых гэтай пастановай.
„Беллегпрам” будзе ўзгадняць заяву аб выдачы ліцэнзіі на экспарт ільновалакна пры наяўнасці заключанага паміж названым канцэрнам, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і аблвыканкамамі пагаднення аб умовах паставак ільновалакна.
Пастанова набудзе моц 4 кастрычніка 2018 года і будзе дзейнічаць на працягу шасці месяцаў, за выключэннем пункта, які тычыцца даручэння Міністэрству замежных спраў, што набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.
belapan.by