Савет ЕЭК ухваліў пакет тэрміновых мер па барацьбе з каронавірусам
Члены Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі на пасяджэнні 3 красавіка падтрымалі меры, накіраваныя „на забеспячэнне эканамічнай стабільнасці ва ўмовах развіцця пандэміі каронавіруса”, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЕЭК.
„Яны дапамогуць урадам краін ЕАЭС у распрацоўцы і рэалізацыі мер па лакалізацыі распаўсюджвання каронавіруса, абароне здароўя людзей, мінімізацыі наступстваў для бізнесу, захаванні занятасці насельніцтва, забеспячэнні ўстойлівасці фінансавай сістэмы”, — тлумачыць ЕЭК.
Пакет тэрміновых мер стабілізацыйнага характару прадугледжвае арганізацыю ўзаемадзеяння ўпаўнаважаных органаў ЕАЭС пры правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па папярэджанні і мінімізацыі наступстваў распаўсюджвання інфекцыі.
„Для аператыўнай арганізацыі паставак тавараў першай неабходнасці ва ўзаемным гандлі намечана стварэнне „зялёнага калідора” шляхам спрашчэння мытных працэдур пры афармленні крытычна важных тавараў”, — гаворыцца ў паведамленні ЕЭК.
Мяркуецца таксама прыняцце мер, накіраваных „на стварэнне ўмоў для аднаўлення і забеспячэння далейшага эканамічнага развіцця”. „Яны ўключаюць у сябе развіццё лічбавізацыі гандлю, забеспячэнне стабільнасці функцыянавання фінансавых рынкаў і плацежных сістэм, падтрымку прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у найбольш пацярпелых галінах эканомікі, пашырэнне гандлёвых адносін”, — паведамляе прэс-служба ЕЭК.
Праект распараджэння ЕЭК аб мерах па барацьбе з каранавірусам будзе разгледжаны 10 красавіка гэтага года Еўразійскім міжурадавым саветам, пасяджэнне якога пройдзе ў анлайн-фармаце.
Варта адзначыць, што „ў мэтах мінімізацыі негатыўных эканамічных наступстваў распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі” Савет ЕЭК 3 красавіка зацвердзіў пералік тавараў крытычнага імпарту. „У іх дачыненні даецца тарыфная льгота ў выглядзе вызвалення ад увазных мытных пошлін пры імпарце ў дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза з 1 красавіка па 30 чэрвеня гэтага года ўключна”, — гаворыцца ў паведамленні ЕЭК.
У пералік названых тавараў увайшлі асобныя сельскагаспадарчыя і харчовыя тавары (бульба, лук, часнок, капуста, морква, перац, жыта, рыс доўгазёрны, грачаныя крупы, сокі і гатовыя прадукты для дзіцячага харчавання), асобныя гатовыя лекавыя сродкі і тавары медыцынскага прызначэння (эндаскопы, бескантактавыя тэрмометры, аднаразовыя піпеткі, перасоўныя дэзынфекцыйныя устаноўкі).
Акрамя гэтага, пашыраны спіс тавараў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці лекаў, а таксама тавараў медыцынскага прызначэння (у яго ўключаны тэрмасумкі, плёнкі для герметызацыі флаконаў, медыцынскія маразільнікі), увоз якіх з 16 сакавіка па 30 верасня гэтага года ажыццяўляцца бяспошлінна пры ўмове пацвярджэння мэтавага прызначэння такіх тавараў.
„Сёння вельмі неабходна ўлічваць змяненне попыту з боку спажыўцоў нашых краін, як насельніцтва, так і медыцынскіх арганізацый. Важна аператыўна рэагаваць на новыя выклікі”, — пракаментаваў прынятыя рашэнні міністр па гандлі ЕЭК Андрэй Сляпнёў.